Ам 2
Гэта кажа ГОСПАД: “За тры правіны сыноў Мааву, нават за чатыры, не дарую яму, бо ён спаліў на вапну косткі валадара Эдому.
І Я спашлю агонь на Мааў, і ён зжарэ палацы Керыёта, і памрэ Мааў сярод галасу, крыку і голасу трубы.
І Я вынішчу судзьдзю спасярод яго, і заб’ю ўсіх князёў ягоных з ім, кажа ГОСПАД”.
Гэта кажа ГОСПАД: “За тры правіны Юды, нават за чатыры, не дарую яму, бо яны пагрэбавалі Законам ГОСПАДА і не захоўвалі прыказаньні Ягоныя, і зьвяла іх хлусьня іхняя, за якой пайшлі бацькі іхнія.
І Я спашлю агонь на Юду, і ён зжарэ палацы Ерусаліму”.
Гэта кажа ГОСПАД: “За тры правіны Ізраіля, нават за чатыры, не дарую яму, бо яны продалі за срэбра праведніка, і ўбогага — за [пару] сандалаў.
Яны топчуць у пыле зямным галаву бедных, і шлях уцісканых выкрыўляюць; і мужчына, і бацька ягоны ходзяць да [адной] дзяўчыны, і гэтым зьневажаюць імя Маё сьвятое.
На адзеньні, узятым у заклад, кладуцца яны каля ўсіх ахвярнікаў, і віно засуджаных п’юць у доме Бога свайго.
А Я зьнішчыў Амарэйца перад абліччам іхнім, вышыня якога была, як вышыня кед­раў, і яны былі моцныя, як дубы. А Я зьнішчыў плод ягоны ўгары і карані ягоныя ўнізе.
10  І Я вывеў вас з зямлі Эгіпецкай, і вадзіў вас сорак гадоў па пустыні, каб вы ўзялі ў спадчыну зямлю Амарэйца.
11  І Я паставіў з сыноў вашых прарокаў і з юнакоў вашых — назіраў. Хіба ня так было, сыны Ізраіля? — кажа ГОСПАД.
12  А вы паілі назіраў віном і загадвалі прарокам, кажучы: “Не прарочце!”
13  Вось, Я націсну на вас, як цісне воз, поўны снапоў.
14  І загіне, не ўцячэ спрытны, і дужы ня будзе моцны моцай сваёй, і волат ня выратуе душу сваю.
15  Той, які страляе з луку, ня будзе стаяць, і спрытны ў нагах сваіх не ўратуецца, і коньнік ня выратуе душу сваю.
16  І адважны сэрцам сваім сярод волатаў уцячэ голы ў той дзень, кажа ГОСПАД.