Ам 5
Паслухайце слова гэтае, якое я ўзьнімаю над вамі, галашэньне пра дом Ізраіля:
“Упала, больш ня ўстане дзяўчына Ізраіля. Яна кінутая на зямлю сваю, няма каму падняць яе”.
Бо гэтак кажа Госпад ГОС­ПАД: “У горадзе, з якога выходзіла тысяча, застанецца сто, а з якога выходзіла сто, застанецца дзесяць [чалавек] з дому Ізраіля”.
Бо гэтак кажа ГОСПАД дому Ізраіля: “Шукайце Мяне, і будзеце жыць.
І не шукайце ў Бэтэлі, і не зыходзьце ў Гільгал, і не пераходзьце ў Бээр-Шэву, бо Гільгал будзе палонены палонам, а Бэтэль станецца марнотаю”.
Шукайце ГОСПАДА, і будзеце жыць, каб Ён не ўвайшоў як агонь у дом Язэпа і ня зжэр [усё], і ня будзе каму тушыць [яго] ў Бэтэлі.
Вы ператвараеце суд у палын, і праведнасьць на зямлю кідаеце.
А Ён — Той, Які ўчыніў Стажар’е і Касцоў, і цень сьмерці ператварае ў раніцу, і дзень робіць цёмным як ноч. Ён кліча воды мора і вылівае іх на аблічча зямлі; ГОСПАД — імя Ягонае.
Ён прысьпешвае загубу супраць дужага, і прыходзіць загуба на замак.
10  Яны ненавідзяць таго, хто дакарае ў браме [гораду], і брыдзяцца тым, хто гаворыць беззаганна.
11  Дзеля гэтага за тое, што вы топчаце бедных і забіраеце ў іх стравы са збожжа, [хоць] вы пабудавалі дамы з чэсанага камяня, але ня будзеце жыць у іх, вы пасадзілі прывабныя вінаграднікі, але ня будзеце піць віна з іх.
12  Бо Я ведаю шматлікія правіны вашыя і цяжкія грахі вашыя; вы прыгнятаеце праведніка, берацё хабары і [справу] ўбогіх у браме выкрыўляеце.
13  Дзеля гэтага разумны ў гэты час маўчыць, бо гэта час ліхі.
14  Шукайце дабра, а ня ліха, каб вы маглі жыць; і гэтак ГОСПАД, Бог Магуцьцяў, будзе з вамі, як вы кажаце.
15  Ненавідзьце ліха і любіце дабро, і пастаўце ў браме суд. Можа, ГОСПАД, Бог Магуцьцяў, будзе ласкавы да рэшты Язэпа.
16  Дзеля гэтага так кажа ГОСПАД, Бог Магуцьцяў, Госпад: “На ўсіх плошчах лямант, і на ўсіх вуліцах будуць казаць: “Аёй! Аёй!”, і будуць клікаць земляроба на жалобу і тых, якія ведаюць галашэньні, каб галасілі!
17  І ў-ва ўсіх вінаградніках будзе лямант, бо Я прайду сярод цябе, кажа ГОСПАД”.
18  Гора вам, якія жадаюць дня ГОСПАДА! Навошта вам гэты дзень ГОСПАДА? Ён — цемра, а не сьвятло.
19  [Гэта так], як чалавек уцячэ ад ільва, і сустрэне мядзьведзя; або прыйшоў у дом, і абапёрся рукою сваёю аб сьцяну, і яго ўкусіла зьмяя.
20  Хіба ня ёсьць дзень ГОСПАДА цемрай, а не сьвятлом? Ён — цемрадзь, і няма бляску [сьвятла] ў ім.
21  Я ненавіджу, Я грэбую сьвятамі і не адчуваю паху прыемнага на ўрачыстых сходах вашых.
22  Бо калі вы складаеце мне цэласпаленьні і ахвяры хлебныя вашыя, Мне не даспадобы яны. І на ахвяры мірныя вашыя з кормнай жывёлы Я не пагляджу.
23  Прыбяры ад Мяне голас сьпеваў тваіх, і гуку гусьляў тваіх Я ня буду слухаць.
24  Але няхай суд цячэ як вада, і праведнасьць — як магутны ручай.
25  Ці прыносілі вы Мне ахвяры [крывавыя] і ахвяры хлебныя ў пустыні сорак гадоў, доме Ізраіля?
26  Але вы насілі намёт Малоха вашага і Кіюна, абразы вашыя, зорку багоў вашых, якую вы сабе рабілі.
27  За гэта Я завяду вас у палон далёка за Дамаск, кажа ГОСПАД. Бог Магуцьцяў — імя Ягонае.