КНІГА ПРАРОКА ДАНІІЛА
Дан 1
У трэці год валадараньня Егаякіма, валадара Юды, прыйшоў Навухаданосар, валадар Бабілону, да Ерусаліму і аблёг яго.
І аддаў Госпад у руку ягоную Егаякіма, валадара Юды, і частку начыньняў Дому Божага, і ён занёс іх у зямлю Шынэар у дом бога свайго, і ўнёс начыньні гэтыя ў скарбніцу бога свайго.
І сказаў валадар Ашпэназу, начальніку эўнухаў сваіх, каб ён прывёў з сыноў Ізраіля і з насеньня валадарскага і княскага
юнакоў, якія ня маюць у сабе аніякай заганы, [ма­юць] добры выгляд, разуме­юць усякую мудрасьць, і кемлівыя ў навучаньні, і здольныя да ведаў, каб яны мелі сілу стаяць у палацы валадарскім і каб навучыць іх кнігам і мове халдэйскай.
І вызначыў ім валадар на кожны дзень ежу валадара і віно, якое сам піў, каб гадаваць іх так тры гады, каб пасьля заканчэньня іх яны сталі перад абліччам валадара.
І былі сярод іх з сыноў Юды Данііл, Ананія, Мішаэль і Азарыя.
І даў ім начальнік эўнухаў імёны, Даніілу даў [імя] Бэльтэшацар, Ананію — Шадрах, Мішаэлю — Мэшах, а Азарыі — Авэд-Нэго.
І пастанавіў Данііл у сэрцы сваім, што ён ня будзе апаганьвацца ежаю валадара і віном, якое той піў; і ён прасіў начальніка эўнухаў, каб яму не апаганіцца.
І даў Бог Даніілу міласэрнасьць і спагаду перад абліччам начальніка эўнухаў.
10  І сказаў начальнік эўнухаў Даніілу: «Я баюся пана майго, валадара, які вызначыў для вас ежу і напоі. Бо калі ён убачыць, што абліччы вашыя марнейшыя, чым у [іншых] юнакоў вашага веку, тады вы наразіце на небясьпеку галаву маю перад валадаром».
11  І сказаў Данііл наглядчыку, якога начальнік эўнухаў паставіў над Даніілам, Ананіем, Мішаэлем і Азарыем:
12  «Выспрабуй, калі ласка, слугаў тваіх дзён дзесяць; і няхай даюць нам гародніну, і мы будзем есьці, і ваду, і мы будзем піць.
13  І паглядзіш на выгляд наш і выгляд юнакоў, якія ядуць ежу валадара; і паводле таго, што ўбачыш, рабі са слугамі тваімі».
14  І ён паслухаў іх у гэтай справе, і выспрабоўваў іх дзесяць дзён.
15  І ў канцы дзесяці дзён выгляд іхні выяўвіўся лепшым і цела [іхняе было] здаравейшым, чым у юнакоў, якія елі ежу валадара.
16  І сталася, што наглядчык забіраў ад іх ежу і віно, якое яны мелі піць, і даваў ім гародніну.
17  І гэтым чатыром юнакам Бог даў веды і разуменьне кожнай кнігі і мудрасьці, а Данііл разумеў усякія ві­дзежы і сны.
18  І пасьля заканчэньня дзён, калі валадар сказаў прывесьці іх, начальнік эўнухаў прывёў іх перад аблічча Навухаданосара.
19  І гаварыў з імі валадар, і не знайшлося сярод іх усіх [такіх], як Данііл, Ананія, Мішаэль і Азарыя. І яны сталі перад абліччам валадара.
20  І ў-ва ўсіх справах мудрасьці і разуменьня, пра што валадар пытаўся ў іх, ён знайшоў іх у дзесяць разоў [лепшымі] за ўсіх варажбітоў і астролягаў, якія [былі] ў-ва ўсім валадарстве ягоным.
21  І Данііл быў [там] да першага году валадара Кіра.