Друг 14
Вы — сыны ГОСПАДА, Бога вашага; ня будзеце рабіць нарэзы на скуры, і ня будзеце выстрыгаць валасоў над вачыма вашымі па памёршых,
бо ты — народ сьвяты для ГОСПАДА, Бога твайго, бо цябе выбраў ГОСПАД, каб ты стаўся выбраным народам Ягоным спасярод усіх народаў, якія на абліччы зямлі.
Ня будзеш есьці нічога паганага.
Вось зьвяры, якіх вы будзеце есьці: вол, ягня авечак і козаў,
алень, сарна, казуля, ланя, зубар, антылёпа, горны казёл.
І кожную жывёлу, якая мае разьдзеленыя капыты і на абодвух капытах глыбокі разрэз, і тую жывёлу, якая жуе жвайку, будзеце есьці.
Але ня будзеце есьці тых, якія жуюць жвайку і ня маюць разьдзеленыя капыты з глыбокім разрэзам: вярблюда, зайца і дамана, бо яны жуюць жвайку, але капыты ў іх не разьдзелены, яны для вас нячыстыя.
І сьвіньня, хоць капыты ў яе разьдзеленыя, але яна не жуе жвайку, будзе для вас нячыстай; мяса яе ня ешце і падліны не дакранайцеся.
З усяго, што ў вадзе, будзеце есьці ўсіх, якія маюць плаўнікі і луску.
10  А ўсё, што без плаўніка і лускі, ня будзеце есьці, бо яны для вас нячыстыя.
11  Усіх птушак чыстых будзеце есьці.
12  Спасярод [птушак] ня будзеце есьці: арла, грыфа і марскога арла,
13  каршука, сокала і каню паводле гатункаў іхніх,
14  і ўсякага крумкача паводле гатунку яго,
15  страуса, савы, чайкі і ястраба паводле гатункаў яго,
16  пугача, ібіса і лебедзя,
17  пэлікана, сыча і рыбалова,
18  чаплі, буслоў паводле гатункаў іхніх, удода і кажана.
19  Кожная жужла крылатая для вас нячыстая, ня будзеце яе есьці.
20  Усіх птушак чыстых будзеце есьці.
21  Ня будзеце есьці ніякай падліны. Дасі яе прыхадню, які ў брамах тваіх, і будзе есьці, або прадасі чужынцу, бо ты — народ сьвяты для ГОСПАДА, Бога твайго. Не вары казьляняці ў малацэ маці ягонай.
22  Давай дзесяціну з усіх пладоў насеньня твайго, з таго, што поле штогод родзіць.
23  І еш перад абліччам ГОСПАДА, Бога твайго, на тым месцы, якое Ён выбраў, каб было там імя Ягонае, дзесяціну збожжа твайго, і віна твайго, і алею твайго, і першародных валоў тваіх і авечак тваіх, каб вучыўся ты баяцца ГОСПАДА, Бога твайго, у-ва ўсе дні.
24  Калі ж далёкай будзе дарога [твая] і ня зможаш гэта прынесьці, бо далёка ад цябе месца, якое выбраў ГОСПАД, Бог твой, каб там было імя Ягонае, і калі ГОСПАД, Бог твой, дабраславіў цябе,
25  тады памяняй гэта на срэбра, і вазьмі срэбра ў руку тваю, і ідзі на месца, якое выбраў ГОСПАД, Бог твой,
26  і купляй там за гэта срэбра ўсё, чаго жадае душа твая, ці валоў, ці авечак, ці віно, ці сікеру, ці ўсё, чаго жадае душа твая; і будзеш есьці там перад абліччам ГОСПАДА, Бога твайго, і будзеш весяліцца ты і дом твой.
27  І не пакідай лявіта, які ў брамах тваіх, бо ён ня мае ані часткі, ані спадчыны з табою.
28  Пад канец трэцяга году адлажы ўсе дзесяціны з пладоў тваіх году гэтага і пакінь у брамах тваіх.
29  І прыйдзе лявіт, бо ён ня мае ані часткі, ані спадчыны з табой, і прыхадзень, і сірата, і ўдава, якія ў брамах тваіх, і будуць яны есьці, і насыцяцца, каб дабраславіў цябе ГОСПАД, Бог твой, у кожнай працы рук тваіх, якую будзеш рабіць.