Друг 27
І загадаў Майсей і старшыні Ізраіля народу, кажучы: «Захавайце ўсе прыказаньні, які я вам загадваю сёньня.
І станецца ў дзень, калі пяройдзеш Ярдан і ўвойдзеш у зямлю, якую дае табе ГОСПАД, Бог твой, пастаў вялікія камяні, і абмаж іх вапнай,
і напішы на іх усе словы Закону гэтага, калі ты пяройдзеш [Ярдан], каб увайсьці ў зямлю, якую дае табе ГОСПАД, Бог твой, у зямлю, якая ацякае малаком і мёдам, як прамовіў да цябе ГОСПАД, Бог бацькоў тваіх.
І станецца, калі пяройдзеце Ярдан, пастаўце гэтыя камяні, як я загадваю вам сёньня, на гары Эваль і абмажце іх вапнай.
І пабудуеш там ахвярнік ГОСПАДУ, Богу твайму, ахвярнік з камянёў, якіх не кранула жалеза,
З камянёў нячэсаных пабудуеш ахвярнік ГОСПАДУ, Богу твайму, і складзеш на ім цэласпаленьні ГОСПАДУ, Богу твайму.
І складзеш ахвяру мірную, і будзеш есьці там, і радавацца перад абліччам ГОСПАДА, Бога твайго.
І напішы на камянях усе словы Закону гэтага выразна і добра».
І прамовілі Майсей і сьвятары лявіты да ўсяго Ізраіля, кажучы: «Маўчы і слухай, Ізраіль. У дзень сёньняшні ты стаўся народам ГОСПАДА, Бога твайго.
10  Будзеш слухаць голас ГОСПАДА, Бога твайго, і выконваць прыказаньні Ягоныя і пастановы Ягоныя, якія я загадваю табе сёньня».
11  У той дзень загадаў Майсей народу, кажучы:
12  «Калі пяройдзеце Ярдан, стануць на гары Гарызім, каб дабраслаўляць народ, Сымон, Левій, Юда, Ісахар, Язэп і Бэн’ямін.
13  А на гары Эваль для праклінаньня будуць стаяць Рубэн, Гад, Асэр, Завулён, Дан і Нэфталі.
14  І адкажуць лявіты, і будуць казаць гучным голасам да ўсіх мужоў Ізраіля:
15  “Пракляты чалавек, які зробіць выяву рэзьбленую або літую, брыдоту перад ГОСПАДАМ, твор рук рамесьніка, і паставіць яго ў месцы схаваным!” І адкажа ўвесь народ, і скажа: “Амэн”.
16  “Пракляты той, хто зьневажае бацьку свайго і маці сваю”. І ўвесь народ скажа: “Амэн”.
17  “Пракляты той, хто перасоўвае мяжу бліжняга свайго”. І ўвесь народ скажа: “Амэн”.
18  “Пракляты той, хто падманвае сьляпога ў дарозе”. І ўвесь народ скажа: “Амэн”.
19  “Пракляты той, хто перакручвае суд прыхадню, сіраце і ўдаве”. І ўвесь народ скажа: “Амэн”.
20  “Пракляты той, хто лажыцца з жонкай бацькі свайго, бо ён адкрыў плашч бацькі свайго”. І ўвесь народ скажа: “Амэн”.
21  “Пракляты той, хто лажыцца з усялякай жывёлаю”. І ўвесь народ скажа: “Амэн”.
22  “Пракляты той, хто лажыцца з сястрой сваёй, з дачкой бацькі свайго або дачкой маці сваёй”. І ўвесь народ скажа: “Амэн”.
23  “Пракляты той, хто лажыцца з цешчай сваёй”. І ўвесь народ скажа: ”Амэн”.
24  “Пракляты той, хто таемна забівае бліжняга свайго”. І ўвесь народ скажа: “Амэн”.
25  “Пракляты той, хто бярэ хабар, каб забіць душу і [пра­ліць] кроў нявінную”. І ўвесь народ скажа: “Амэн”.
26  “Пракляты той, хто не трымаецца словаў Закону гэтага, і не выконвае іх”. І ўвесь народ скажа: “Амэн”.