КНІГА ЭКЛЕЗІЯСТА
Экл 1
Слова Эклезіяста, сына Давіда, валадара ў Ерусаліме.
Марнасьць марнасьцяў, сказаў Эклезіяст, марнасьць марнасьцяў, усё — марнасьць.
Якая карысьць чалавеку з усёй цяжкай працы ягонай, якую ён робіць пад сонцам?
Пакаленьне адыходзіць і пакаленьне прыходзіць, а зямля на вякі трывае.
Узыйшло сонца, і зайшло сонца, і сьпяшаецца на месца сваё, дзе яно ўзыходзіць.
Вецер ідзе на поўдзень і паварочвае на поўнач, кружляючы, кружляе, дзьме вецер і вяртаецца вецер на кружэньне сваё.
Усе рэкі цякуць у мора, і мора не перапаўняецца; да месца, з якога рэкі цякуць, вяртаюцца яны, каб [зноў] адтуль выцякаць.
Усе словы стамляюць, ня можа чалавек выказаць [усяго]. Не насыціцца вока гляджэньнем, і не напоўніцца вуха слуханьнем.
Што было, тое і будзе, а што рабілася, тое і будзе рабіцца, і няма нічога новага пад сонцам.
10  Бывае рэч, пра якую кажуць: “Глядзі, вось гэта новае”, але гэта было ўжо ў вяках, што былі перад намі.
11  Няма памяці пра тых, што раней жылі, і таксама пра тых, што потым жыць будуць, ня будзе памяці ў тых, якія бу­дуць пасьля іх.
12  Я, Эклезіяст, быў валадаром Ізраіля ў Ерусаліме.
13  І аддаў я сэрца маё, каб шукаць і дасьледаваць з мудрасьцю ўсё, што дзеецца пад небам. Гэты кепскі занятак даў Бог сынам чалавечым, каб былі занятыя ім.
14  Глядзеў я на ўсе справы, якія робяцца пад сонцам; і вось, усё — марнасьць і пагоня за ветрам.
15  Крывое ня можна зрабіць простым, і тое, чаго няма, нельга палічыць.
16  Сказаў я ў сэрцы маім, кажучы: “Вось, я ўзьвялічыўся і прыдбаў мудрасьці больш за ўсіх, што былі раней за мяне ў Ерусаліме; і сэрца маё ўбачыла шмат мудрасьці і веданьня”.
17  І аддаў я сэрца маё, каб пазнаць мудрасьць і пазнаць шаленства і глупоту; і спазнаў, што і гэта — турбаваньне духа.
18  Бо з вялікай мудрасьці шмат смутку, і хто павялічвае веданьне, павялічвае боль.