Экл 11
Пускай хлеб свой па вадзе, таму што праз шмат дзён знойдзеш яго.
Давай частку сямі, і нават васьмі, бо ня ведаеш, якая бяда будзе на зямлі.
Калі хмары будуць напоўненыя дажджом, яны выльлюць [яго] на зямлю, і калі дрэва ўпадзе на поўдзень або на поўнач, на месцы, дзе ўпадзе, там і застанецца.
Хто назірае за ветрам, ня будзе сеяць, і хто глядзіць на хмары, ня будзе жаць.
Калі ты ня ведаеш, які шлях ветру і як [паўстаюць] косткі ва ўлоньні цяжарнай, падобна ня ведаеш дзеяў Бога, Які робіць усё.
Раніцаю сей насеньне тваё, і ў вечары не спыняй рукі тваёй, бо ты ня ведаеш, з чаго будзе больш карысьці, з аднаго ці з другога, ці з абодвух будзе аднолькава добра.
Салодкае сьвятло, і добра вачам бачыць сонца.
Бо калі шмат гадоў жыве чалавек, няхай радуецца з іх усіх, і няхай памятае пра дні цемры, бо будзе іх шмат. Усё, што надыйдзе — марнасьць.
Радуйся, юнача, у маладосьці сваёй, і няхай сэрцу твайму будзе добра ў дні юнацтва твайго, і хадзі шляхамі сэрца твайго і паводле таго, што бачаць вочы твае, і ведай, што за ўсё гэта Бог прывядзе цябе на суд.
10  І прыбяры смутак з сэрца твайго, і аддалі ліхоцьце ад цела твайго, бо маладосьць і цёмнасьць валасоў — марнасьць.