Эзк 21
І было слова ГОСПАДА да мяне, кажучы:
«Сыне чалавечы, зьвярні аблічча тваё на Ерусалім і скіруй [слова] супраць сьвятых месцаў, і прароч супраць зямлі Ізраіля.
І скажы зямлі Ізраіля: “Гэта кажа ГОСПАД. Вось, Я супраць цябе, і Я выцягну меч Мой з похваў, і ўдару пасярод цябе праведніка і бязбожніка.
Дзеля таго, што Я ўдару пасярод цябе праведніка і бязбожніка, выйдзе меч Мой з похваў ягоных на ўсякае цела ад поўдня да поўначы.
І даведаецца ўсякае цела, што Я, ГОСПАД, выцягнуў меч Мой з похваў ягоных, і ён [да іх] ужо ня вернецца”.
А ты, сыне чалавечы, стагні, нібыта маеш сьцёгны паламаныя, у горычы стагні на вачах іхніх.
І станецца, калі скажуць табе: “Чаму ты стогнеш?” — ты скажы: “Дзеля весткі, якая прыйдзе, і самлее кожнае сэрца, і аслабеюць усе рукі, і згасьне ўсякі дух, і ўсе калені захістаюцца, як вада”. Вось, яна прыходзіць, і станецца так, кажа Госпад ГОСПАД».
І было слова ГОСПАДА да мяне, кажучы:
«Сыне чалавечы, прароч і кажы: “Гэта кажа Госпад. Гавары: “Меч, меч завостраны і адшліфаваны;
10  завостраны, каб забіваць ахвяры, адшліфаваны, каб блішчэў”. Хіба будзем радавацца? Скіпетр сына Майго пагарджае кожным дрэвам.
11  І дадзены ён, каб быў вычышчаны, каб узяць яго рукою, меч гэты завостраны і адшліфаваны, каб быў ён у руцэ таго, які забівае.
12  Крычы і галасі, сыне чалавечы, бо ён накіраваны супраць народу Майго, супраць усіх князёў Ізраіля. Яны аддадзеныя на меч разам з народам Маім. Таму ўдар сябе па сьцёгнах,
13  бо выпрабаваньне надыйшло. І што, калі ён пагарджае скіпетрам? Ён не ўстаіць, кажа Госпад ГОСПАД”.
14  І ты, сыне чалавечы, прароч і ўдар далоняй у далонь, і няхай меч падвоіць, і няхай меч патроіць забітых. Гэта меч забіваньня вялікага, які паварочваецца навокал іх.
15  Каб сэрца млела, каб па­мнажаліся забітыя, у-ва ўсіх брамах іхніх Я пастаўлю меч на зарэз, вычышчаны як бліскавіца, завостраны, каб забіваць.
16  “Сячы направа і ўдарай налева, туды, куды вострыва тваё скіраванае”.
17  І Я таксама буду біць далоняй Маёй у далонь, і заспакою лютасьць Маю. Я, ГОСПАД, прамовіў [гэта]».
18  І было слова ГОСПАДА да мяне, кажучы:
19  «А ты, сыне чалавечы, вызнач два шляхі, па якіх пойдзе меч валадара Бабілонскага. Абодва выйдуць з адной зямлі. І пастаў [дарожны] знак, на пачатку шляху ў горад пастаў [яго].
20  Падрыхтуй шлях, па якім пойдзе меч у Раббу сыноў Амона і ў Юду, і ў Ерусалім умацаваны.
21  Бо стаіць валадар Бабілонскі на раздарожжы, на пачатку двух шляхоў, каб атрымаць прадказаньне, ён кідае стрэлы, пытаецца ў тэрафімаў і прыглядаецца да вантробаў.
22  У правай руцэ ягонай прадказаньне: “Ерусалім”, каб паставіць тараны, адкрыць вусны ў крыку баявым, узь- няць голас гармідару ваеннага, паставіць тараны супраць брамаў, насыпаць вал і збудаваць вежы.
23  І будзе [падавацца] марным у вачах іхніх прадказаньне гэтае, бо яны прысягаю запрысягнулі [яму], але ён памятае пра беззаконьне [іхняе], каб яны былі схопленыя.
24  Дзеля гэтага так кажа Гос­пад ГОСПАД: “Каб вы ўзгадалі беззаконьні вашыя, і каб злачынствы вашыя сталіся яўныя, і каб грахі вашыя ў-ва ўсіх паводзінах вашых былі відочныя, каб вы ўзгадалі [гэта], далоняй [варожай] вы будзеце схопленыя”.
25  А табе, нягодны бязбожнік, князь Ізраіля, якога дзень прыходзіць у час беззаконьня апошняга,
26  гэта кажа Госпад ГОСПАД: “Здымі мітру, скінь карону, бо гэтага ня [будзе больш]. Прыніжанае будзе ўзвышана, а ўзвышанае — прыніжана.
27  Руіну, руіну, руіну зраблю з цябе; падобнага ня будзе, пакуль ня прыйдзе той, да якога [належыць суд], і якому Я аддам яго”.
28  А ты, сыне чалавечы, прароч і кажы: “Гэта кажа Госпад ГОСПАД адносна сыноў Амона і адносна зьнявагі іхняй”. І скажаш: “Меч, меч выхаплены [з похваў] для забіваньня, адшліфаваны для вынішчэньня і бляску.
29  У гэты час для цябе бачаць відзежы пустыя і прадказваюць падман, каб апусьціць меч на карак бязбожнікаў, якіх дзень прыйдзе ў час беззаконьня апошняга.
30  Схавай вострыва ягонае ў похвы. У месцы, дзе ты быў створаны, і ў зямлі, дзе ты нарадзіўся, буду судзіць цябе.
31  І выльлю на цябе гнеў Мой, распалю супраць цябе ярасьць, і аддам цябе ў рукі людзей раз’ятраных для гвалту і зьнішчэньня.
32  Ты будзеш спажывай для агню, кроў твая будзе пасярод зямлі, і не пакінеш пасьля сябе ўспаміну, бо Я, ГОСПАД, прамовіў [гэта]”».