Эзк 23
І было слова ГОСПАДА да мяне, кажучы:
«Сыне чалавечы! Былі дзьве жанчыны, дочкі адной маці.
І яны распусьнічалі ў Эгіпце, ад маладосьці сваёй распусьнічалі. Там ціскалі грудзі іхнія і там тапталі дзявочыя ўлоньні іхнія.
А імёны іхнія: Аголя, старэйшая, і Агаліва, сястра ейная. І сталіся яны Маімі, і нарадзілі сыноў і дачок. Імёны іхнія: Аголя — Самарыя, а Агаліва — Ерусалім.
І чужаложыла Аголя каля стопаў Маіх, і загарэлася пажаданьнем да палюбоўнікаў сваіх Асірыйцаў, суседзяў сваіх,
да магнатаў і намесьнікаў, апранутых у пурпур, да юнакоў прывабных і ўсіх вершнікаў, якія сядзяць на конях.
І аддавалася яна ў распусьце сваёй усім найлепшым сынам Асірыі і з усімі, якіх пажадала, з імі ўсімі паганілася.
І не пакінула распусты сваёй з Эгіптам, бо там спалі з ёй у маладосьці ейнай, і тапталі ўлоньне ейнае дзявочае, і вылівалі на яе распусту сваю.
Дзеля гэтага Я аддаў яе ў рукі палюбоўнікаў ейных, у рукі сыноў Асірыі, да якіх мела пажаданьне.
10  Яны адкрылі голасьць ейную, забралі сыноў ейных і дочак ейных, а яе забілі мячом, і сталася яна ганьбаю для жанчынаў, і ўчынілі над ёю суд.
11  І бачыла гэта сястра ейная Агаліва, і паганілася пажаданьнем сваім больш за яе, і распуста ейная [была большая], чым чужалоства сястры ейнай.
12  Яна [запалала] пажаданьнем да сыноў Асірыі, да магнатаў і намесьнікаў, суседзяў багата апранутых, да вершнікаў, якія сядзяць на конях, да ўсіх юнакоў прывабных.
13  І ўбачыў Я, што яна апаганілася і што абедзьве ідуць тою самай дарогай.
14  І дадала яна да распусты сваёй, калі ўбачыла на сьцяне намаляваных мужчынаў, маляваныя чырвонай фарбай абразы Халдэйцаў,
15  якія падперазаныя вакол сьцёгнаў сваіх паясамі, з вялікімі завоямі на галовах, усіх з выгляду мужных ваяроў, абразы сыноў Бабілону, якія родам з зямлі Халдэйскай.
16  І пажаданьнем пажадала яна іх з прычыны абраза, які бачылі вочы ейныя. І выправіла пасланцоў да іх, у Халдэю.
17  І прыйшлі да яе сыны Бабілону на ложак каханьня, і спаганілі яе распустай сваёй, а калі яна апаганілася з імі, душа ейная адвярнулася ад іх.
18  І выявіла яна распусту сваю, і адкрыла сорам свой, і душа Мая адвярнулася ад яе, як адвярнулася душа Мая ад сястры ейнай.
19  І памнажала яна распусту сваю, калі ўзгадала дні маладосьці сваёй, калі яна чужаложыла ў зямлі Эгіпецкай.
20  І [запалала] пажаданьнем да палюбоўнікаў сваіх, у якіх чэлясы — чэлясы аслоў і юр іхні — юр коняў.
21  І ты шукала распусты маладосьці тваёй, калі ў Эгіпце тапталі ўлоньне тваё і ціскалі грудзі маладосьці тваёй.
22  Дзеля гэтага, Агаліва, так кажа Госпад ГОСПАД: “Вось, Я падыму супраць цябе палюбоўнікаў тваіх, ад якіх адвярнулася душа твая; зьбяру іх супраць цябе з усіх бакоў,
23  сыноў Бабілону і ўсіх Халдэйцаў, Пэкод, Шоа і Коа, усіх сыноў Асірыі, прывабных юнакоў, магнатаў і намесьнікаў, усіх ваяроў магутных, слаўных мужоў, якія сядаюць на коней.
24  І прыйдуць на цябе з поўначы на вазах жалезных і калясьніцах, і з дружынамі народаў. У панцырах, са шчытамі і шаломамі стануць адусюль супраць цябе. І Я дам перад абліччам іхнім суд, і яны будуць судзіць цябе паводле судоў сваіх.
25  І Я зьвярну супраць цябе лютасьць Маю, і яны будуць абыходзіцца з табою ў гневе, адрэжуць табе нос і вушы, а тое, што ў табе застанецца, упадзе ад мяча. Яны забяруць сыноў тваіх і дочак тваіх, а рэшту тваю зьнішчыць агонь.
26  І Я здыму з цябе шаты твае, і забяру каштоўныя аздобы твае.
27  І Я спыню распусту тваю ў цябе і чужалоства тваё з зямлі Эгіпецкай, і ты не падымеш на іх вачэй тваіх і больш не ўзгадаеш пра Эгіпет.
28  Бо гэта кажа Госпад ГОСПАД: "Вось, Я аддаю цябе ў рукі таго, каго ты ненавідзіш, у рукі тых, ад якіх адвярнулася душа твая".
29  І яны будуць абыходзіцца з табою з нянавісьцю, забяруць усе набыткі твае і пакінуць цябе голай і неакрытай, і выявіцца голасьць юрлівасьці тваёй, распуснасьць твая і чужалоства тваё.
30  І зробяць гэта табе, бо ты распусьнічала з народамі і паганілася ідаламі іхнімі,
31  і пайшла па шляху сястры тваёй, і Я дам келіх ейны ў рукі твае.
32  Гэта кажа Госпад ГОС­ПАД: "Келіх сястры тваёй ты будзеш піць, глыбокі і шырокі, і станеш ты на насьмешку і на зьдзек, [бо] шмат зьмясьцілася [ў ім].
33  Ап’яненьнем і болем будзеш напоўненая, [бо гэта] келіх спусташэньня і смутку, келіх сястры тваёй, Самарыі.
34  І вып’еш яго аж да дна, і ў кавалкі разаб’еш яго, і гру­дзі свае скалечыш, бо Я прамовіў [гэта], кажа Госпад ГОСПАД".
35  Дзеля гэтага так кажа Гос­пад ГОСПАД: "За тое, што ты забылася пра Мяне і кінула Мяне за плечы свае, ты насі цяпер распусту тваю і чужаложнасьць тваю"”».
36  І сказаў мне ГОСПАД: «Сыне чалавечы, ці будзеш судзіць Аголю і Агаліву? Выяві ім брыдоту іхнюю.
37  Бо яны чужаложылі і кроў на руках іхніх, і чужаложылі яны з ідаламі сваімі, а таксама сыноў сваіх, якіх для Мяне нарадзілі, яны праводзілі [праз агонь] на спажыву ім.
38  Яшчэ гэта яны зрабілі Мне: сьвятыню Маю апаганілі ў той дзень і зьняважылі суботы Мае.
39  Бо калі яны ахвяроўвалі сыноў сваіх ідалам сваім, у той самы дзень прыходзілі ў сьвятыню Маю, паганячы яе. Вось так яны рабілі ў сярэдзіне Дому Майго.
40  І нават пасылалі па мужчынаў чужых і далёкіх, і як толькі пасланец быў пасланы да іх, яны адразу прыходзілі. Дзеля іх ты мылася, фарбавала вочы свае і апраналася аздобна,
41  і сядала на каштоўным ложку, і пры ім быў застаўлены стол, і ставіла на ім кадзіла Маё і алей Мой.
42  І галасы натоўпу [былі] там, а да мужчынаў натоўпу таго прыводзілі п’яніцаў з пустыні, і яны ўскладалі бранзалеты на рукі свае і ўпрыгожаныя кароны на галовы свае.
43  І Я сказаў да той, якая нішчыла сябе чужалоствам: “Ці будзе яна [яшчэ], распусьнічаючы, чыніць распусту?”
44  І прыходзяць да яе так, як прыходзяць да жанчыны чужаложніцы. Так прыходзілі да Аголі і Агалівы, жанчынаў распусных.
45  І мужы праведныя будуць судзіць іх судом чужаложніцаў і судом тых, якія разьліваюць кроў, бо яны чужаложылі і кроў на руках іхніх.
46  Бо гэта кажа Госпад ГОСПАД: “Склічуць супраць іх супольны сход і аддадуць іх на страхоцьце і на рабунак,
47  і сход гэты закідае іх камянямі, пасячэ іх мячамі, заб’е сыноў іхніх і дочак іхніх, а дамы іхнія спаліць агнём.
48  І Я спыню распусту ў зямлі гэтай, і будуць навучаныя ўсе жанчыны і ня будуць чыніць распусту, [падобную] да распусты іхняй.
49  І пакладуць яны на вас распусту вашую, і будзеце насіць грахі ідалаў вашых, і даведаецеся, што Я — Госпад ГОСПАД”».