Эзк 28
І было слова ГОСПАДА да мяне, кажучы:
«Сыне чалавечы, скажы князю Тыру: “Гэта кажа Госпад ГОСПАД. За тое, што ўзьвялічылася сэрца тваё і ты сказаў: “Я — бог, я сяджу на пасадзе Божым у сэрцы мораў!” Але ты чалавек, а ня бог, і ты паставіў сэрца тваё як сэрца Бога.
Вось, ты мудрэйшы за Данііла, ніякая таямніца не схаваная ад цябе!
Мудрасьцю тваёй і розумам тваім ты здабыў сабе багацьце і назьбіраў золата і срэбра ў скарбніцах тваіх.
Вялікай мудрасьцю тваёй у гандлі тваім ты памножыў багацьце тваё, і сэрца тваё ўзьвялічылася з прычыны багацьцяў тваіх.
Дзеля гэтага так кажа Гос­пад ГОСПАД. За тое, што ты сэрца тваё паставіў як сэрца Бога,
вось, Я прывяду на цябе чужынцаў, найгоршыя народы. Яны павернуць мячы свае супраць прыгажосьці мудрасьці тваёй і збэсьцяць бляск твой,
і сапхнуць цябе ў яму, і памрэш ты сьмерцю забітага ў сэрцы мораў.
Ці будзеш гаварыць. “Я — Бог!” перад абліччам таго, які забівае цябе. Ты чалавек, а ня Бог у руцэ забойцаў тваіх.
10  Сьмерцю неабрэзаных ты памрэш ад рукі чужынцаў, бо Я прамовіў [гэта], кажа Госпад ГОСПАД”».
11  І было слова ГОСПАДА да мяне, кажучы:
12  «Сыне чалавечы, узьнімі лямант над валадаром Тыру і скажы яму: “Гэта кажа Госпад ГОСПАД. Ты — пячатка дасканаласьці, поўны мудрасьці, вяршыня прыгажосьці.
13  Ты быў у Эдэме, у садзе Божым, усялякія камяні дарагія пакрывалі цябе: рубін, тапаз, ясьпіс, таршыш, онікс, бэрыль, шафір, гранат, шмарагд і золата, былі зробленыя бубны твае, і дуды твае былі пад­рыхтаваныя для цябе ў дзень стварэньня твайго.
14  Ты — памазаны херувім, які асланяе, і Я даў табе быць на сьвятой гары Божай, і ты хадзіў між агністых камянёў.
15  Ты быў дасканалы ў шляхах тваіх ад дня стварэньня твайго, пакуль не знайшлося ў табе беззаконьне.
16  З пашырэньнем гандлю твайго напоўнілася нутро тваё гвалтам, і ты саграшыў. І Я скінуў цябе з гары Божай, і выгнаў цябе, херувім, які асланяе, спаміж агністых камянёў.
17  Узьвялічылася сэрца тваё дзеля прыгажосьці тваёй; і ты згубіў мудрасьць тваю дзеля красы тваёй. І Я кінуў цябе на зямлю, перад абліччам валадароў паставіў цябе, каб бачылі цябе.
18  Мноствам беззаконьняў тваіх і няправеднасьцю гандлю твайго ты апаганіў сьвятыню тваю. І Я вывеў агонь з нутра твайго, і ён зьеў цябе, і Я зрабіў цябе попелам на зямлі на вачах усіх, якія бачылі цябе.
19  Усе, хто ведае цябе сярод народаў, аслупянеюць дзеля цябе, бо ты стаўся страхоцьцем, і ня будзе цябе на вякі”».
20  І было слова ГОСПАДА да мяне, кажучы:
21  «Сыне чалавечы, зьвярні аблічча тваё на Сідон і прароч супраць яго,
22  і кажы: “Гэта кажа Госпад ГОСПАД. Вось, Я супраць цябе, Сідоне. І Я ўслаўлюся пасярод цябе, і даведаюцца, што Я — ГОСПАД, калі ўчыню ў ім суды [Мае] і зьяўлю сьвятасьць [Маю] ў ім.
23  І Я спашлю на яго пошасьць і кроў на вуліцы ягоныя, і будуць падаць пасярод яго забітыя ад мяча, які [прыйдзе] да яго з усіх бакоў, і даведаюцца, што Я — ГОСПАД.
24  І ўжо больш ня будзе для дому Ізраіля церня калючага і асоту, які прыносіць боль, ад усіх, якія вакол яго і якія пагарджаюць ім, і яны даведаюцца, што Я — Госпад ГОСПАД.
25  Гэта кажа Госпад ГОСПАД. Калі Я зьбяру дом Ізраіля спаміж народаў, сярод якіх яны былі расьцярушаныя, Я зьяўлю сьвятасьць [Маю] на вачах усіх народаў, і яны будуць жыць на зямлі сваёй, якую Я даў слузе Майму Якубу.
26  І будуць жыць у ёй бясьпечна, будуць будаваць дамы, будуць садзіць вінаграднікі; будуць жыць бясьпечна ў той час, калі над усімі вакол, хто пагарджае імі, Я буду праводзіць суд, і даведаюцца, што Я — ГОСПАД, Бог іхні”».