Вых 2
I пайшоў чалавек з дому Левія, і ўзяў дачку [з дому] Левія.
I зачала тая жанчына, і нарадзіла сына, і бачыла яго, што ён прыгожы, і хавала яго тры месяцы.
І не магла даўжэй хаваць яго, і ўзяла кошык з трысьнёгу, і абмазала яго асфальтам і смалою; і палажыла ў яго хлопчыка, і паставіла ў чароце каля берагу ракі.
I стаяла сястра ягоная воддаль, каб ведаць, што станецца з ім.
I зыйшла дачка фараона мыцца да ракі, а служкі ейныя хадзілі каля ракі. I яна ўбачыла кошык сярод чароту, і паслала служку сваю ўзяць яго.
I адчыніла, і ўбачыла яго, гэтае дзіцятка; і вось, хлопчык плача; і пашкадавала яго, і сказала: «Ён з дзяцей Гебрайскіх».
I сказала сястра ягоная дачцэ фараона: «Ці не пайсьці мне і ці не паклікаць да цябе жанчыну карміцельку з Гебраек, каб яна выкарміла гэтае дзіцятка».
I сказала ёй дачка фараона: «Ідзі». I пайшла дзяўчынка, і паклікала маці дзіцяці.
I сказала ёй дачка фараона: «Вазьмі сабе дзіцятка гэтае і выкармі яго для мяне; і я дам табе плату тваю». І ўзяла жанчына дзіцятка, і выкарміла яго.
10  I вырасла дзіця, і яна прывяла яго да дачкі фараона, і ён стаў у яе за сына, і назвала імя ягонае — Майсей, і казала яна: «Бо з вады я выцягнула яго».
11  I сталася ў тыя дні, што вырас Майсей, і выйшаў да братоў сваіх, і ўбачыў цяжкія працы іхнія; і ўбачыў, што Эгіпцянін б’е аднаго Гебрая з братоў ягоных.
12  I павярнуўся ён туды і сюды, і ўбачыў, што нікога няма, і забіў Эгіпцяніна, і схаваў яго ў пяску.
13  I выйшаў ён на наступны дзень, і вось, два Гебраі вадзяцца. I сказаў ён таму, які крыўдзіў: «Навошта ты б’еш бліжняга свайго?»
14  А той сказаў: «Хто паставіў цябе начальнікам і судзьдзём над намі? Ці ня хочаш ты забіць мяне, як забіў Эгіпцяніна?» I спалохаўся Майсей, і сказаў: «Напэўна, сталася вядомым гэта».
15  I пачуў фараон пра гэтую справу, і шукаў забіць Майсея. I ўцёк Майсей ад фараона, і жыў у зямлі Мадыян. І вось сеў ён каля студні.
16  У сьвятара Мадыянскага было сем дочак. I яны прыйшлі, і начэрпалі вады, і напоўнілі карыты, каб напаіць авечак бацькі свайго.
17  I прыйшлі пастухі, і адагналі іх. I ўстаў Майсей, і дапамог ім, і напаіў авечак іхніх.
18  I прыйшлі яны да Рэўэля, бацькі свайго, і ён сказаў ім: «Чаму вы так хутка прыйшлі сёньня?»
19  Яны сказалі: «Эгіпцянін выратаваў нас ад пастухоў і нават начэрпаў нам вады, і напаіў авечак».
20  Ён сказаў дочкам сваім: «Дзе ж ён? Чаму вы пакінулі чалавека гэтага? Паклічце яго, і няхай ён зьесьць хлеб».
21  I ўпадабаў Майсей жыць у гэтага чалавека, і ён выдаў за Майсея дачку сваю Цыпору.
22  I яна нарадзіла сына, і [Майсей] назваў імя ягонае Гершом, бо ён казаў: «Я стаўся прыхаднем у чужой зямлі».
23  I сталася праз шмат дзён, што памёр валадар Эгіпту. I стагналі сыны Ізраіля ад працаў цяжкіх, і галасілі, і ўзыйшоў да Бога лямант іхні ад працаў цяжкіх.
24  I пачуў Бог стагнаньні іхнія, і ўзгадаў Бог запавет Свой з Абрагамам, Ісаакам і Якубам.
25  I глянуў Бог на сыноў Ізраіля, і даведаўся Бог [пра справы іхнія].