Бц 17
І было Абраму дзевяноста дзевяць гадоў. І зьявіўся ГОСПАД Абраму, і сказаў яму: «Я — Бог Усемагутны. Хадзі перад абліччам Маім і будзь беззаганны.
І Я заключу запавет Мой паміж Мной і табой, і павялічу цябе вельмі, вельмі».
І ўпаў Абрам на аблічча сваё, а Бог прамовіў да яго, кажучы:
«Я [ёсьць], вось запавет Мой з табою, і ты будзеш бацькам мноства народаў.
І ўжо ня будзе звацца імя тваё Абрам, але будзе імя тваё Абрагам, бо Я паставіў цябе бацькам мноства народаў.
І Я павялічу цябе вельмі, вельмі, і выведу з цябе народы, і будуць паходзіць ад цябе валадары.
І Я заключу запавет Мой паміж Мною і табой, і насеньнем тваім пасьля цябе ў пакаленьнях іхніх як запавет вечны, што Я буду Богам тваім і насеньня твайго пасьля цябе.
І Я дам табе і насеньню твайму пасьля цябе зямлю вандраваньня твайго, усю зямлю Ханаан на ўласнасьць вечную, і Я буду ім Богам».
І сказаў Бог Абрагаму: «А ты захоўвай запавет Мой, ты і насеньне тваё пасьля цябе ў пакаленьнях сваіх.
10  Гэта вось запавет Мой, які вы павінны захаваць паміж Мной і вамі, і насеньнем тваім пасьля цябе: няхай будзе ў вас абрэзаны кожны мужчынскага роду.
11  І вы будзеце абразаць цела скуравінкі вашай, і будзе гэта на знак запавету паміж Мною і вамі.
12  У восьмы дзень ад нараджэньня няхай будзе абрэзаны ў вас кожны мужчынскага роду ў пакаленьнях вашых, народжаны ў доме або куплены за грошы ў кожнага чужынца, які ня ёсьць з насеньня твайго.
13  Мае быць абрэзаны і народжаны ў доме тваім, і куплены за срэбра тваё; і будзе запавет Мой на целе вашым як запавет вечны.
14  А неабрэзаны мужчынскага роду, які не абрэжа цела скуравінкі сваёй, няхай будзе вынішчана душа тая з народу свайго, бо ён парушыў запавет Мой».
15  І сказаў Бог Абрагаму: «Сарай, жонку тваю, ня будзеш зваць імя яе Сарай, але Сара будзе імя яе.
16  І Я дабраслаўлю яе, і дам з яе табе сына. І Я дабраслаўлю яе, і стануцца з яе народы, і валадары народаў будуць з яе».
17  І ўпаў Абрагам на аблічча сваё, і засьмяяўся, і сказаў у сэрцы сваім: «Ці ж стогадоваму народзіцца хто? І ці Сара, дзевяностагадовая, можа нарадзіць?»
18  І сказаў Абрагам Богу: «О, каб хоць Ізмаэль жыў перад абліччам Тваім!»
19  І сказаў Бог: «Але Сара, жонка твая, народзіць табе сына, і ты назавеш імя ягонае Ісаак; і Я заключу запавет Мой з ім як запавет вечны і з насеньнем яго пасьля яго.
20  І адносна Ізмаэля Я пачуў цябе. Вось, Я дабраслаўлю яго, і распладжу яго, і памножу яго вельмі, вельмі; ён народзіць дванаццаць князёў, і Я зраблю яго народам вялікім.
21  Але запавет Мой Я заключу з Ісаакам, якога народзіць табе Сара ў гэты самы час у наступным годзе».
22  І скончыў прамаўляць да яго, і ўзьняўся Бог ад Абрагама.
23  І ўзяў Абрагам Ізмаэля, сына свайго, і ўсіх народжаных у доме сваім, і ўсіх купленых за срэбра сваё, усіх мужчынскага роду з дому Абрагама, і абрэзаў цела скуравінкі іхняй у той самы дзень, калі прамаўляў да яго Бог.
24  Абрагам меў дзевяноста дзевяць гадоў, калі абрэзаў цела скуравінкі сваёй,
25  а Ізмаэль, сын ягоны, меў трынаццаць гадоў, калі было абрэзана цела скуравінкі ягонай.
26  У той самы дзень былі абрэзаны Абрагам і Ізмаэль, сын ягоны.
27  І ўсе мужчыны дому ягонага, народжаныя ў доме і купленыя за срэбра ў чужынцаў, былі абрэзаныя з ім.