КНІГА ПРАРОКА ОСІІ
Ос 1
Слова ГОСПАДА, якое было да Осіі, сына Бээры, у дні Узіі, Ёатама, Ахаза, Эзэкіі, валадароў Юды, і ў дні Ерабаама, сына Ёаша, валадара Ізраіля.
Пачатак слова ГОСПАДА праз Осію. І сказаў ГОСПАД да Осіі: «Ідзі, вазьмі сабе жанчыну распусную і дзяцей распусты. Бо распустаю распусьнічае зямля гэтая перад ГОСПАДАМ».
І ён пайшоў, і ўзяў [за жонку] Гомэр, дачку Дыблаіма, і яна зачала, і нарадзіла яму сына.
І сказаў ГОСПАД да яго: «Назаві імя ягонае Езрээль, бо яшчэ трохі, і Я наведаю за кроў Езрээля дом Егу і спыню валадарства дому Ізраіля.
І станецца ў той дзень, што Я зламлю лук Ізраіля ў даліне Езрээль».
І зачала яна зноў, і нарадзіла дачку. І сказаў [Госпад] да яго:«Назаві імя ейнае Лё-Рухама, бо ўжо не зьяўлю міласьці над домам Ізраіля, бо, узьнімаючыся, узьнімуся супраць яго.
Але дому Юды зьяўлю міласьць і збаўлю іх праз ГОСПАДА, Бога іхняга, але ня збаўлю іх ані лукам, ані мячом, ані вайною, ані канямі, ані вершнікамі».
І адлучыла ад грудзей Лё-Рухаму, і зачала, і нара­дзіла сына.
І сказаў [Госпад]: «Назаві імя ягонае Лё-Аммі, бо вы — не народ Мой, і Я ня буду [Богам] вашым».
10  І будзе лік сыноў Ізраіля як пясок марскі, якога нельга ані памераць, ані палічыць. І станецца, што ў месцы, у якім было сказана ім: «Вы — не народ Мой», будзе сказана ім: «Вы — сыны Бога Жывога».
11  І зьбяруцца сыны Юды і сыны Ізраіля разам, і паставяць сабе адну галаву, і ўздымуцца з зямлі, бо вялікі дзень Езрээля.