Іс 17
Цяжар адносна Дамаску. Вось, Дамаск перастане быць горадам, і станецца купай руінаў.
Пакінутыя будуць гарады Араэру і стануцца [выганам] для чародаў, і будуць адпачываць [там], і ніхто ня будзе палохаць [іх].
І зьнікнуць гарады ўмацаваныя з Эфраіму і валадарства — з Дамаску, а рэшта Араму будзе як слава сыноў Ізраіля, кажа ГОСПАД Магуцьцяў.
І станецца ў той дзень, што слава Якуба зьменшыцца, а тлустасьць цела ягонага схуднее.
І станецца так, нібыта жнец жне збожжа і рамяно ягонае зразае каласы. І станецца, нібыта зьбіраюць каласы ў даліне Рэфаім.
І застанецца ў яго недазьбіранае, як бывае пры зборы алівак, дзьве або тры аліўкі на самым версе, чатыры або пяць на галінках плодных, кажа ГОСПАД, Бог Ізраіля.
У той дзень будзе ўглядацца чалавек на Таго, Хто зрабіў яго, і вочы ягоныя будуць глядзець на Сьвятога Ізраіля.
І ня будзе ён углядацца на ахвярнікі, працу рук ягоных, і на тое, што зрабілі пальцы ягоныя, ня будзе ён глядзець на Астартаў і на выявы сонца.
У той дзень умацаваныя гарады ягоныя будуць, як пакінутыя [гарады] ў лясах і на вяршынях [гор], якія пакінулі перад сынамі Ізраіля, і будзе [там] пустэча.
10  Бо ты забыўся на Бога збаўленьня твайго і пра скалу апоры тваёй ня памятаў, і таму ты пасадзіў сады для пацяшэньня і пасеяў вінаград чужынскі.
11  У дзень, калі ты садзіў яго, ты клапаціўся, каб яно расло і каб пасеянае табой рана расквітнела, [але] прападзе жніво ў дзень немачы і болю невылечнага.
12  Гора! Мноства шматлікіх народаў, яны шумяць як шуміць мора. Гармідар плямёнаў, яны бушуюць, як бушу­юць воды магутныя.
13  Бушуюць плямёны, як бушуюць воды вялікія; але пасварыцца на іх [Бог], і яны ўцякуць далёка, і будуць падхопленыя ветрам як мякіна на гарах і як [круціцца] віхор перад бурай.
14  [Прыйшоў] час вечаровы, і вось, вусьціш! І перад раніцай ужо няма яго. Гэткая доля тых, якія нас рабавалі, такі лёс крыўдзіцеляў нашых.