Іс 42
1 Вось, Юнак мой, Якога Я трымаю за руку, выбраны Мой, Якому спрыяе душа Мая. Пакладу дух Мой на Яго, і абвесьціць народам суд;
2 не залямантуе і ня ўзвысіць голасу Свайго, і ня дасьць пачуць яго на вуліцах;
3 трысьціны надламанай ня зломіць, і лёну, які тлее, не атушыць; суд чыніцьме паводле ісьціны;
4 не аслабне і не зьняможацца, пакуль на зямлі не ўсталюе суду, і на закон Яго будуць класьці надзею выспы.
5 Так кажа Гасподзь Бог, Які стварыў нябёсы і прастору іх, распрасьцёр зямлю з утворамі яе, дае дыханьне народу на ёй і дух тым, што ходзяць па ёй.
6 Я, Гасподзь, паклікаў Цябе ў праўду, і буду трымаць Цябе за руку і ахоўваць Цябе, і пастаўлю цябе запаветам народу, сьвятлом язычнікам,
7 каб разамкнуць вочы сьляпым, каб вязьняў вывесьці зь вязьніцы і тых, што сядзяць у цемры, - зь цямніцы.
8 Я Гасподзь, гэта - Маё імя, і ня дам славы Маёй іншаму і хвалы Маёй балванам.
9 Вось, прадказанае раней збылося, і новае Я абвяшчу; перш чым яно адбудзецца, Я абвяшчу вам.
10 Сьпявайце Госпаду новую песьню, хвалу Яму ад краёў зямлі, вы, хто плавае па моры, і ўсе, хто напаўняе яго, выспы і хто жыве на іх.
11 Хай узвысіць голас пустыня і гарады яе, селішчы, дзе жыве Кідар; хай трыумфуюць насельнікі скал, хай аказваюцца голасам зь вяршыняў гор.
12 Хай аддадуць Госпаду славу, і хвалу Яго хай абвесьцяць на выспах.
13 Гасподзь выйдзе, як волат, як муж бітваў абудзіць рэўнасьць; закліча і падыме воінскі крык, і пакажа Сябе моцным супроць ворагаў Сваіх.
14 Доўга маўчаў Я, трываў, стрымліваўся; цяпер буду крычаць, як парадзіха, буду разбураць і паглынаць усё;
15 спустошу горы і пагоркі, і ўсю траву іх высушу; і рэкі зраблю выспамі, і асушу азёры.
16 І павяду сьляпых дарогаю, якое яны ня ведаюць, невядомымі шляхамі буду весьці іх; змрок зраблю сьвятлом перад імі, і крывыя шляхі - простымі: вось, што Я зраблю ім і не пакіну іх.
17 Тады адступяцца і вялікім сорамам пакрыюцца тыя, што спадзяюцца на ідалаў, што кажуць балванам: «вы - нашыя багі».
18 Слухайце, глухія, і глядзеце сьляпыя, каб бачыць.
19 Хто так сьляпы, як раб Мой, і глухі, як вястун Мой, Мною пасланы? Хто так сьляпы, як закаханы, так сьляпы, як раб Госпада?
20 Ты бачыў многае, але не заўважаў; вушы былі растуленыя, але ня чуў.
21 Госпаду заўгодна было дзеля праўды Сваёй узвысіць і праславіць закон.
22 Але гэта народ зруйнаваны і абрабаваны: усе яны зьвязаныя ў сутарэньнях і схаваныя ў цямніцах; зрабіліся здабычаю, і няма збаўцы, абрабаваныя, і ніхто ня скажа: «аддай назад»!
23 Хто з вас прыхіліў да гэтага вуха, увайшоў і выслухаў гэта дзеля будучыні?
24 Хто выдаў Якава на спусташэньне і Ізраіля рабаўнікам? Ці не Гасподзь, супроць Якога мы грашылі? не хацелі яны хадзіць шляхамі Яго, і ня слухалі закону Яго.
25 І Ён выліў на іх шал гневу Свайго і лютасьць вайны: яна атачыла іх полымем з усіх бакоў, але яны не заўважалі; і гарэла ў іх, але яны не ўразумелі гэтага сэрцам.