Іс 49
Паслухайце Мяне, астравы, зважайце, далёкія народы! ГОСПАД паклікаў Мяне з улоньня [маці], ад чэрава маці Маёй Ён узгадаў імя Маё.
І зрабіў Ён вусны Мае, як меч востры; у ценю рукі Сваёй схаваў Мяне. І зрабіў Ён з Мяне стралу вострую, і схаваў Мяне ў сагайдаку Сваім.
І сказаў Мне: «Ты — слуга Мой, Ізраіль, у Табе Я праслаўлюся».
А Я сказаў: «Надарма Я працаваў, на пустое і марнае выдаткаваў Я сілу Маю. Аднак суд Мой у ГОСПАДА, і ўзнагарода Мая — у Бога Майго».
І цяпер кажа ГОСПАД, Які ўкшталтаваў Мяне ад улоньня [маці] на слугу Сабе, каб навярнуць Якуба да Сябе і каб Ізраіль для Яго быў сабраны. І Я праслаўлены ў вачах ГОСПАДА, і Бог Мой стаўся моцай Маёй.
І Ён сказаў: «Замала таго, каб Ты быў для Мяне слугою, каб аднавіць калены Якуба і каб вярнуць выратаваных Ізраіля, але Я пастаўлю Цябе Сьвятлом для народаў, каб быў Ты збаўленьнем Маім аж да краю зямлі».
Гэта кажа ГОСПАД, Адкупіцель Ізраіля, Сьвяты ягоны, да пагарджанай душы, да Таго, Якім брыдзяцца народы, да Слугі тых, што пануюць: «Валадары ўбачаць Цябе, і паўстануць князі і паклоняцца дзеля ГОСПАДА, бо Ён верны, і [дзеля] Сьвятога Ізраіля, Які выбраў Цябе».
Гэта кажа ГОСПАД: «У час ласкі Я адказаў Табе, і ў дзень збаўленьня Я дапамог Табе, і Я захаваю Цябе, і пастаўлю Цябе запаветам для народу, каб аднавіць зямлю, каб разьдзяліць спадчыну спустошаную,
каб сказаць вязьням: “Выходзьце!”, а тым, якія ў цемры: “Зьявіцеся!” Яны будуць пасьвіцца на ўсіх дарогах, на ўсіх лысых узгорках будзе паша іхняя.
10  Ня будуць яны галадаць і ня будуць смагнуць, і ня ўдарыць іх сьпёка і сонца, бо Той, Які шкадуе іх, будзе весьці іх, і да крыніцаў водных павядзе іх.
11  Я зраблю ўсе горы Мае дарогаю, і сьцежкі Мае будуць узьнятыя.
12  Вось, тыя прыходзяць здалёк, а вось гэтыя — з поўначы і з захаду, а іншыя — з зямлі Сінім.
13  Радуйцеся, нябёсы, і весяліся, зямля! Гукаючы, гукайце, горы, ад радасьці! Бо пацешыў ГОСПАД народ Свой і зьлітаваўся над убогім Сваім.
14  А Сыён казаў: «Пакінуў мяне ГОСПАД, Госпад мой забыўся пра мяне!»
15  Ці ж забудзецца жанчына пра немаўля сваё, каб не пашкадавала сына ўлоньня свайго? Але [нават] калі яна забудзецца, Я не забудуся пра цябе!
16  Вось, Я запісаў цябе на далонях Маіх, муры твае перада Мною заўсёды.
17  Сьпяшаюцца тыя, якія будуюць цябе, а тыя, якія руйнавалі цябе і спусташалі цябе, адыйдуць ад цябе.
18  Падымі навокал вочы свае і паглядзі! Усе яны сабраліся і ідуць да цябе. Як жывы Я, кажа ГОСПАД, усіх іх ты ўз­ложыш [на сябе], як аздобу, і будзеш падвязаная імі як нявеста.
19  Бо руіны твае і спусташэньне тваё, і зямля зьнішчэньня твайго цяпер будзе цеснай для жыхароў, і адыйдуць далёка тыя, якія руйнавалі цябе.
20  Зноў скажуць у вушы твае сыны сіроцтва твайго: «Цеснае для мяне месца гэта, дай мне прастор, каб я мог пасяліцца».
21  І ты скажаш у сэрцы сваім: «Хто нарадзіў мне іх? Бо я была бязьдзетная і няплодная, выгнаная і заведзеная ў няволю. Дык хто выгадаваў іх? Вось, я засталася самотнай, а яны адкуль узяліся?»
22  Гэта кажа Госпад ГОСПАД: «Вось, Я падыму руку Маю да народаў, і да плямёнаў уздыму сьцяг Мой, і панясуць сыноў тваіх на руках, а дочкі твае будуць несены на плячах.
23  І будуць валадары выхавацелямі тваімі, а валадаркі іхнія — карміцелькамі тваімі. Абліччам да зямлі будуць пакланяцца табе і будуць лізаць пыл ног тваіх, і ты даведаешся, што Я — ГОСПАД, і ня будуць асаромлены тыя, якія спадзяюцца на Мяне».
24  Ці ж можна забраць у волата здабычу, або ці палоненыя пераможцам могуць быць выратаваныя?
25  Бо гэта кажа ГОСПАД: «Нават палоненыя волатам будуць забраныя [ў яго], і здабыча прыгнятальніка будзе выратаваная. Я буду змагацца з супраціўнікам тваім, і сыноў тваіх Я збаўлю.
26  І Я прымушу крыўдзіцеляў тваіх есьці цела сваё, і ўласнай крывёю яны нап’юцца, быццам маладым віном. І даведаецца кожнае цела, што Я — ГОСПАД, Збаўца твой і Адкупіцель твой, Моцны Якуба».