Іс 54
Радуйся, няплодная, якая не нараджала, галасі радасна і весяліся ты, якая не спазнала родаў, бо больш сыноў у кінутай, чым сыноў у замужняй, кажа ГОСПАД.
Пашыр месца намёту твайго, расьцягні пакрыцьці жытла твайго, ня стрымлівай сябе, папусьці даўжэй вяроўкі твае, умацуй калкі твае.
Бо ты пашырышся направа і налева, і насеньне тваё возьме ў спадчыну народы і заселіць гарады спустошаныя.
Ня бойся, бо не дазнаеш сораму, і не чырваней, бо ня будзеш у ганьбе, бо забудзешся пра сорам маладосьці тваёй і ня будзеш больш памятаць пра ганьбу ўдаўства твайго.
Бо Той, Які ўзяў за жонку цябе — [ гэта] Той, Які зрабіў цябе. ГОСПАД Магуцьцяў — імя Ягонае, і Адкупіцель твой — Сьвяты Ізраіля, Яго называюць Богам усёй зямлі.
Бо, як жанчыну кінутую і засмучаную духам, паклікаў цябе ГОСПАД, і як да пакінутай жонкі маладосьці кажа Бог твой.
На хвіліну малую Я пакінуў цябе, але з літасьцю вялікай прыму цябе.
У запале гневу Я схаваў на хвіліну аблічча Маё ад цябе, але ў міласэрнасьці вечнай пашкадаваў цябе, кажа Адкупіцель твой, ГОСПАД.
Як воды Ноя гэта для Мяне. Калі Я прысягнуў яму, што ня прыйдуць больш воды Ноя на зямлю, так прысягаю і табе, што ня буду гневацца на цябе і дакараць цябе.
10  Бо горы зрушацца і ўзгоркі захістаюцца, але міласэр­насьць Мая не адыйдзе ад цябе, і запавет супакою Майго не пахісьнецца, кажа ГОСПАД, Які літуецца над табою.
11  Няшчасная, кіданая бурамі, без пацяшэньня! Вось, Я пакладу на малахіце камяні твае і падмуркі твае — на шафірах.
12  І Я зраблю вокны твае з рубінаў, а брамы твае — з камянёў гранату, а ўсю агароджу тваю — з камянёў каштоўных.
13  І ўсе сыны твае [стануць] вучнямі ГОСПАДА, і вялікі супакой [дам] сынам тваім.
14  І будзеш ты ўмацаваная ў праведнасьці, і будзеш далёкая ад уціску, бо ня будзеш баяцца, і [далёкая] ад страху, бо ён не наблізіцца да цябе.
15  Калі прыйдзе навала на цябе, гэта [будзе] не ад Мяне, і той, хто на цябе нападзе, упа­дзе перад табою.
16  Вось, Я стварыў каваля, які дзьме на жар агню і выцягвае з яго прылады для працы сваёй. І Я стварыў нішчыцеля, каб пустошыць.
17  Усякая прылада, вырабленая супраць цябе, ня будзе мець посьпеху, і кожны язык, які стане супраць цябе ў судзе, ты асудзіш. Гэта — спадчына слугаў ГОСПАДА, і праведнасьць іхняя — ад Мяне, кажа ГОСПАД.