Іс 6
У год сьмерці валадара Узіі бачыў я Госпада, Які сядзеў на пасадзе высокім і ўзьнесеным, а прыполы [шатаў] Ягоных напаўнялі сьвятыню.
Сэрафімы стаялі вакол Яго; і кожны меў па шэсьць крылаў, і кожны двума закрываў аблічча сваё, і двума закрываў ногі свае, а двума лётаў.
І ўсклікалі яны адзін да аднаго, і казалі: «Сьвяты, Сьвяты, Сьвяты ГОСПАД Магуцьцяў, уся зямля поўная славы Ягонай!»
І захісталіся бэлькі дзьвярэй ад голасу тых, якія клікалі, і Дом напоўніўся дымам.
І я сказаў: «Гора мне! Бо я загублены! Бо я — чалавек з нячыстымі вуснамі, і я жыву сярод людзей з нячыстымі вуснамі, і Валадара, ГОСПАДА Магуцьцяў убачылі вочы мае!»
І падляцеў да мяне адзін з сэрафімаў, а ў руцэ ягонай — вугаль распалены, які ён шчыпцамі ўзяў з ахвярніка.
І ён дакрануўся ім да вуснаў маіх, і сказаў: «Вось, ён дакрануўся да вуснаў тваіх, і прыбрана беззаконьне тваё, і адкуплены грэх твой».
І пачуў я голас Госпада, кажучы: «Каго Мне паслаць? Хто пойдзе дзеля Нас?» І я сказаў: «Вось я, пашлі мяне».
І Ён сказаў: «Ідзі і кажы народу гэтаму: “Слыхам слухаць будзеце, і не зразумееце, поглядам глядзець будзеце, і не даведаецеся”.
10  Зрабі цьвёрдым сэрца народу гэтага, зрабі цяжкімі вушы ягоныя і засьляпі вочы ягоныя, каб вачыма сваімі ня бачыў, і вушамі сваімі ня чуў, і каб сэрца ягонае не зразумела, каб ён не навярнуўся, і ня быў аздароўлены».
11  І я спытаў: «Як доўга, Госпадзе?» І Ён сказаў: «Пакуль ня будуць спустошаны гарады без жыхароў і дамы без людзей, і зямля будзе спустошана як пустка».
12  І выкіне ГОСПАД людзей, і будзе вялікая пустэча пасярод зямлі.
13  І калі яшчэ застанецца на ёй дзясятая частка [людзей], і яна вернецца, і будзе зьнішчана. Але як тэрэбінт і як дуб, ад якога [застаецца] пень пасьля таго, як ён сьсечаны, так насеньне сьвятое — гэта пень іхні.