Ёў 14
Чалавек, які народжаны з жанчыны, мае век кароткі і поўны трывогаў.
Вырастае кветка, і вяне, і мінае, як цень, і не застаецца.
І Ты на такога зьвяртаеш вочы Твае і вядзеш яго на суд з Сабою.
Хто ж можа нячыстага зрабіць чыстым? Хіба ніхто!
Калі дні яму вызначаны, і лік месяцаў ягоных вядомы Табе, і Ты вызначыў яму межы, якіх нельга яму перайсьці,
дык адвярні вочы Твае ад яго, няхай ён супачыне, няхай пацешыцца днём, як той найміт.
Бо нават дрэва мае надзею. Калі яно было сьсечанае, дык зноў адрасьце, і парасткі свае пускаць не пакіне,
і калі састарэе ў зямлі корань ягоны, і пень ягоны ў пяску спарахнее,
ад вільгаці вады яно зазелянее і пусьціць галінкі як маладая расьліна.
10  А чалавек калі памрэ, ён адыйшоў, і дзе знойдзеш яго?
11  Зьнікаюць воды з мора, і рэкі высыхаюць да дна.
12  Так і чалавек, калі засьне, не прачнецца, пакуль неба ня счэзьне; ня ўстане, і зо сну свайго не прачнецца.
13  О, каб Ты схаваў мяне ў адхлані і захаваў мяне, пакуль не міне ярасьць Твая, і вызначыў мне час, у які зноў мяне ўзгадаеш.
14  Ці памёршы чалавек зноў будзе жыць? Усе дні службы маёй я чакаю, калі прыйдзе замена мая.
15  Ты паклічаш, і я адкажу Табе, Ты засумуеш за творам рук Тваіх.
16  Бо Ты палічыш нават крокі мае, і будзеш ласкавы адносна грахоў маіх.
17  Ты запячатаеш, як у мяшку, злачынствы мае, і выбеліш правіны мае.
18  Але як гара, падаючы, развальваецца, і як скала зыхо­дзіць з месца свайго,
19  і як вада сьцірае камень, і як плынь падмывае глебу, так і Ты нішчыш надзею ў чалавеку.
20  Ты сьціскаеш яго, і ён адыходзіць у вечнасьць, зьмяняеш аблічча ягонае і адсылаеш яго.
21  Ці ў славе жывуць дзеці ягоныя, ён ня ведае, ці ў ганьбе, ён не разумее.
22  Адчувае ён боль цела свайго, і душа ягоная ў ім самім ные».