Ёў 20
І адказаў Цафар з Наамы, і сказаў:
«Вось, разважаньні мае прынукаюць адказваць, і неспакой у-ва мне.
Упіканьне, якім мяне зьневажаў, я выслухаў, і дух розуму майго паказвае мне.
Ці ня ведаеш ты, што ад пачатку, як нарадзіўся чалавек на зямлі,
радасьць злачынцаў кароткая, і пацеха бязбожных на момант толькі.
Калі пыха ягоная падымецца да неба, і галава ягоная дакранецца хмараў,
як гной прападзе ён, і тыя, што бачылі яго, спытаюцца: “Дзе ён?”
Як сон прамінае ён, і не знайсьці, пралятае, быццам марыва начное.
Вока, якое бачыла яго, ужо ня ўбачыць яго, і месца ягонае ня ўбачыць яго болей.
10  Сыны ягоныя прасіць будуць ласкі ва ўбогіх, і рукі ягоныя аддадуць маёмасьць сваю.
11  Косткі ягоныя, поўныя сілы маладосьці, разам з ім будуць спаць у парахне.
12  Калі салодкае ў вуснах ягоных зло, схаванае пад языком ягоным,
13  і будзе ён шкадаваць яго, і ня кіне яго, але будзе трымаць у вуснах сваіх,
14  тады хлеб у жываце ягоным пераменіцца ў жоўць зьмяіную.
15  Багацьці, якія ён праглынуў, вырыгае, выцягне іх Бог з жывата ягонага.
16  Праглыне ён атруту зьмяіную, і заб’е яго язык гадзюкі.
17  Ня ўбачыць ён ручаёў алею, рэк, якія мёдам і малаком ацякаюць.
18  І верне ён здабытак з чужой працы, і не праглыне яго, і ня будзе цешыцца з багацьцяў набытых.
19  Бо ён крыўдзіў і не зважаў на ўбогіх, рабаваў дамы, якія не будаваў.
20  Ніколі не наядаўся жывот ягоны, і ніколі ня мог ён дагадзіць прагавітасьці сваёй.
21  Нічога не заставалася з-за абжорства ягонага, і таму не застанецца нічога з маёмасьці ягонай.
22  Калі наесца, цесна яму будзе, і ўсякая бяда будзе нападаць на яго.
23  Калі будзе напаўняць жывот свой, Бог спашле на яго ярасьць гневу Свайго, і вылье на яго кару Сваю.
24  Будзе ён уцякаць ад зброі жалезнай, і патрапіць пад лук мядзяны.
25  Страла паб’е цела ягонае і пячонку ягоную, і нахлынуць на яго рэчы страшныя.
26  Цемра захаваная для яго, і будзе паліць яго агонь, які ніхто не разьдзьмухвае, і тое, што засталося ў намёце ягоным, будзе зьнішчана.
27  Нябёсы аб’явяць бязбожнасьць ягоную, і зямля паўстане супраць яго.
28  Будзе зьнішчаны ўраджай дому ягонага, і разальецца ў дзень гневу Божага.
29  Такая доля перад Богам чалавека бязбожнага і спадчына, прызначаная для яго Богам».