Ёў 24
Чаму ня вызначаны час [суду] Усемагутнага, і тыя, што ведаюць Яго, ня бачаць дзён Ягоных?
[Бязбожнікі] межы пераносяць, рабуюць статкі і пасьвяць іх,
асла ў сіротаў адбіраюць, бяруць у заклад вала ў удавы,
убогіх спіхваюць з дарогі, і ўсе прыгнечаныя зямлі змушаныя хавацца.
Вось, як аслы ў пустыні, выходзяць [небаракі] на працу сваю, шукаючы хлеб для дзяцей у стэпе.
Жнуць яны траву на полі і зьбіраюць вінаград у бязбожнага,
начуюць голыя, без адзеньня, і ня маюць чым накрыцца ў холад,
мокнуць у гарах ад дажджоў, і, ня маючы прытулку, туляцца да скалаў.
Адрываюць сіротаў ад грудзей, і ад убогіх бяруць заклад.
10  Голыя ходзяць яны, без адзеньня, і галодныя носяць снапы.
11  У мурах выціскаюць алей, і ціснуць віно ў тоўчні, і смагнуць.
12  У гарадах, паміраючы, стогнуць; душа калечаных крычыць, але Бог не зважае на зло.
13  Яны бунтуюцца супраць сьвятла, і ня ведаюць шляхоў Ягоных, і не сядзяць на сьцежках Ягоных.
14  На сьвітаньні ўстае забойца, забівае ён беднага і ўбогага, і ноччу ходзіць як злодзей.
15  Вока чужаложніка чакае цемры, кажучы: “Ня ўбачыць мяне вока”, і хавае твар свой за заслонай.
16  У поцемках падкопваюцца пад дамы, а днём замыкаюцца, і ня ведаюць яны сьвятла.
17  Бо раніца для іх усіх — цень сьмерці; бо ведаюць яны жудасьці цемры.
18  Лёгкі ён на абліччы вады, і праклятая доля ягоная на зямлі, і ня вернецца ён на шлях да вінаградніку.
19  Суш і сьпякота высушылі воды сьнегавыя, і гэткая адхлань для тых, што саграшылі.
20  Няхай забудзецца пра яго ўлоньне [маці], і няхай смакуюць цела ягонае чэрві, няхай не застаецца памяці пра яго, але як дрэва няхай зломіцца беззаконьнік.
21  Ён пасьвіцца з бясплоднай, якая не нараджала, і ўдаве ня робіць дабра.
22  Ён здужвае сілай сваёю магутных, ён устае, і [ніхто] ня мае пэўнасьці ў жыцьці сваім.
23  [Бог] дае яму месца бясьпекі, і ён на гэта абапёрся, але вочы Ягоныя — на шляхах іхніх.
24  Падняліся яны трохі, і няма іх, і паніжаны, і прападаюць, і зрэзаныя яны як каласы.
25  Калі гэта ня так, хто зможа мяне аспрэчыць і марнотай палічыць словы мае?»