Ёў 27
І працягваў Ёў прамову сваю, і сказаў:
«На жыцьцё Бога, Які адкінуў суд мой, і на Усемагутнага, Які да горычы давёў душу маю,
пакуль яшчэ трывае дыханьне ў-ва мне, і пакуль Дух Божы ў ноздрах маіх,
ня скажуць вусны мае няпраўды, і язык мой ня будзе гаварыць хлусьні.
Далёкі я ад таго, каб лічыць вас праведнымі. Пакуль не памру, не адступлюся ад нявіннасьці маёй.
У праведнасьці маёй буду трымацца моцна і не адкіну яе, ня будзе дакараць сэрца маё дзён [жыцьця] майго.
Няхай будзе як бязбожнік вораг мой, і той, хто паўстае супраць мяне — як злачынца.
Якая надзея крывадушніка, калі ён будзе адсечаны, калі Бог забярэ душу ягоную.
Ці выслухае Бог крык ягоны, калі прыйдзе да яго бяда?
10  Ці зможа ён цешыцца Усемагутным і клікаць Бога ўвесь час?
11  Я навучу вас пра руку Божую, нічога не схаваю пра Усемагутнага.
12  Вось, вы ўсё гэта бачылі, дык навошта пустая гаворка?
13  Такая вось доля чалавека ліхога і спадчына крыўдзіцеля, якую атрымаюць яны ад Усемагутнага.
14  Калі памножацца сыны ягоныя, упадуць ад мяча, і нашчадкі ягоныя не насыцяцца хлебам.
15  Хто застанецца ад іх, тых зьнішчыць зараза, і ўдовы ягоныя ня будуць плакаць.
16  Калі назьбірае ён срэбра, як пяску, і нарыхтуе адзеньня, як гліны,
17  ён, прыгатуе, але апранецца праведнік, і срэбра падзеліць нявінны.
18  Пабудаваў ён, як павук, дом сабе, і як вартаўнік зрабіў сабе будан.
19  Багатым кладзецца спаць, і такім не ўстае, расплюшчыць вочы свае — і няма нічога.
20  Ахопяць яго жахі, як паводка, і ўначы схопіць яго бура.
21  Падхопіць яго вецер усходні і панясе, і віхура адарве яго ад месца ягонага.
22  Ён кіне яго і не пашкадуе, хоць будзе ўцякаць з рукі Ягонай.
23  Будуць пляскаць над ім рукамі сваімі і засьвішчуць над ім на кожным месцы.