Ёў 33
Дык выслухай, Ёве, прамову маю і прыхілі вуха на ўсе словы мае.
Вось, я адкрываю вусны свае, і язык мой гаворыць у вуснах маіх.
Ад шчырага сэрца плывуць словы мае, і яснае веданьне кажуць вусны мае.
Дух Божы ўчыніў мяне, і дыханьне Усемагутнага ажывіла мяне.
Падрыхтуйся і стань перад абліччам маім, і прадстаў справу тваю.
Вось, я, як вусны твае перад Богам, таксама я з гліны ўфармаваны.
Вось страх [перада] мною няхай цябе не палохае, і рука мая няхай ня будзе цяжкаю над табою.
Тое, што ты гаварыў — у вушах маіх, і я чуў голас словаў тваіх:
“Чысты я, бяз грэху, беззаганны, і няма віны ў-ва мне.
10  Але [Бог] знайшоў абвінавачваньне супраць мяне, і лічыць мяне ворагам Сваім.
11  Ён закаваў у кайданы ногі мае, пільнуе ўсе сьцежкі мае”.
12  Вось, у гэтым ты няправедны. Я адкажу табе, бо Бог большы за чалавека.
13  Чаму ты спрачаешся з Ім, што Ён не адказвае табе ніводнага слова?
14  Бог прамаўляе і адзін раз, і другі, а [чалавек] не зважае на гэта.
15  У сьне і ў відзежы начным, калі моцны сон агартае людзей і ў дрымоце на ложку,
16  адкрывае Ён вуха людзям, і палохае іх у зьявах,
17  каб адвярнуць чалавека ад учынкаў [ліхіх], і вызваліць яго ад пыхлівасьці,
18  каб захаваць душу ягоную ад магілы, і жыцьцё ягонае, каб не загінула ад дзіды.
19  Ён дакарае яго хваробаю на ложку ягоным і болем безупынным у костках ягоных.
20  І жыцьцё ягонае брыдзіцца хлебам, і душа ягоная — страваю найлепшаю.
21  Цела яго зьнікае на вачах, і косткі, звычайна ня бачныя, адкрываюцца.
22  Набліжаецца душа ягоная да магілы, і жыцьцё ягонае — да памёршых.
23  Калі пры ім анёл-абаронца, адзін з тысячы, які распавядзе чалавеку, у чым праведнасьць ягоная,
24  тады зьлітуецца [Бог] над ім і скажа: “Выратуй яго, каб не ішоў ён у магілу, бо Я знайшоў выкуп [за яго]”.
25  Тады цела ягонае стане, як у маладосьці, і вернецца ён у дні юнацтва свайго.
26  Ён будзе маліць Бога, і [Бог] будзе спагадны яму, і ўбачыць аблічча ягонае радасным, і верне чалавеку праведнасьць ягоную.
27  І ён паглядзіць на людзей і скажа: “Я грашыў і чыніў няправасьць, і не аднагароджана мне.
28  Ён выкупіў душу маю, каб не трапіла ў магілу, і будзе бачыць сьвятло жыцьцё маё”.
29  Вось, усё гэта робіць Бог два, і тры разы з чалавекам,
30  каб адвесьці душу ягоную ад магілы, і прасьвятліць яго сьвятлом жывых.
31  Уважай, Ёве, паслухай мяне, і памаўчы, і я прамоўлю.
32  Калі маеш словы, адкажы мне. Прамоў, бо хачу, каб ты аказаўся праведным.
33  Калі ж ня маеш, паслухай мяне. Маўчы, і я навучу цябе мудрасьці».