Ёў 38
І адказаў ГОСПАД з віхуры, і сказаў:
«Хто гэта, што неразумнымі словамі зацямняе задумы Мае?
Падперажы, як мужчына, паясьніцу тваю, і Я буду пытацца ў цябе, і ты тлумач Мне.
Дзе ты быў, калі Я закладваў падваліны зямлі? Адкажы Мне, калі маеш веды?
Хто даў меру ёй, ці ты ведаеш? Або хто працягнуў над ёй вяроўку мерную?
На чым замацаваны падваліны яе? Або хто залажыў кутні камень яе,
калі гаманілі з радасьцю зоркі ранішнія, і калі радасна ўсклікалі ўсе сыны Божыя?
Хто зачыніў мора брамамі, калі вырывалася яно, [нібы] з улоньня выходзіла;
калі апранаў у хмары яго, і ў імглу, як у пялёнкі, спавіваў?
10  Я паставіў мору межы ейныя, і паставіў загарадкі і брамы,
11  і сказаў: “Дасюль дойдзеш, а далей не пяройдзеш, і тут спыніш узбураныя хвалі твае”.
12  Ці ты загадваў у дні твае сьвітаньню і ці вызначаў зараніцы месца яе,
13  каб ахапіла яна канцы зямлі, і каб вынішчаны былі на ёй бязбожнікі,
14  каб [зямля] зьмянілася як гліна пад пячаткай, і сталася, як адзеньне каляровае,
15  каб забранае было ад бязбожных сьвятло іхняе і зламанае рамяно ўзьнесенае?
16  Ці ты даходзіў да крыніцаў мора, і ці ты хадзіў па дне бяздоньня?
17  Ці адкрытыя былі табе брамы сьмерці, і ці бачыў ты дзьверы цемры сьмяротнай?
18  Ці аглядаў ты абшары зямлі? Раскажы Мне, калі ведаеш усё гэта.
19  Пры якой дарозе жыве сьвятло, і дзе месца цемры,
20  каб завесьці яе да межаў ейных, і ведаць сьцежкі да дому яе?
21  Ты ведаеш, бо тады ты быў ужо народжаны, і лік дзён тваіх вельмі вялікі!
22  Ці ты даходзіў да сховішча сьнегу і ці бачыў сховішча граду,
23  які Я падрыхтаваў на час гора і на дзень бою і вайны?
24  Па якім шляху разьліваецца сьвятло і разыходзіцца вецер палючы па зямлі?
25  Хто вызначыў пратоку для навальніцы і шляхі для маланкі і грымотаў,
26  каб ліў дождж на зямлю бязьлюдную, на пустыню, дзе няма ніводнага чалавека,
27  каб насыціць [вадою] пустыню і пушчу, і каб вырасьціць траву [на засохлай зямлі]?
28  Хто ёсьць бацькам дажджу? Або хто нарадзіў кроплі расы?
29  З чыйго нутра выйшаў лёд, і хто родзіць шэраш на небе?
30  Як камень вада цьвярдзее, і аблічча бяздоньня замярзае.
31  Ці ты можаш зьвязаць зьвязы Стажар’я, і ці можаш разьвязаць вузел Касцоў?
32  Ці ты выведзеш зорку ранішнюю ў свой час, і ці Воз з сынамі ягонымі накіруеш?
33  Ці ты ведаеш законы неба, і ці можаш напісаць іх на зямлі?
34  Ці можаш падняць голас твой да аблокаў і хвалямі вады накрыць сябе?
35  Ці можаш паслаць бліскавіцы, і ці пойдуць яны, і ці скажуць табе: “Вось мы!”
36  Хто ўлажыў у нутро ібіса мудрасьць, і хто пеўню даў розум?
37  Хто мудрасьцю лічыць хмары, і хто можа нахіліць начыньні нябесныя,
38  калі пыл цьвярдзее ў камяні, замяняецца ў груды?
39  Ці ты для ільвіцы наловіш здабычы, і голад ільвянятаў задаволіш,
40  калі яны вылежваюцца ў логвах сваіх, або ў гушчары цікуюць?
41  Хто гатуе крумкачу страву ягоную, калі дзеці ягоныя клічуць да Бога і блукаюць бяз ежы?