Ёў 4
І адказаў Эліфаз з Тэману, і сказаў:
«Калі мы пачалі з табою размову, можа і прыкра табе гэта, але пачатую размову хто ж можа спыніць?
Вось, ты павучаў многіх і рукі самлелыя ўмацоўваў.
Словы твае ўмацоўвалі кволых і каленям дрыготкім надавалі сілы.
Цяпер кранула цябе цярпеньне вялікае, і ты аслабеў, кранула цябе яно, і ты ўстрывожыўся.
Ці ж страх твой [перад Богам] ня быў надзеяй тваёй, і дасканаласьць шляхоў тваіх ці ж не была спадзяваньнем тваім?
Прыгадай, ці загінуў хто нявінны, або ці былі зьнішчаны справядлівыя?
Часьцей бачыў я [зьніш­чэньне] тых, што дапускаюцца злачынства і няпраўды, і самі яны зьбіраюць плады рук сваіх.
Ад гневу Божага яны гі­нуць, і ад полымя гневу Ягонага зьнікаюць.
10  Рыканьне ільва і голас ільвіцы сьціхае, зубы львянятаў крышацца.
11  Леў гіне з нястачы здабычы, малыя львяняткі разьбягаюцца.
12  І дайшло да мяне слова таемнае, і прыняло вуха маё шэпт ягоны.
13  У жаху відзежу начнога, калі звычайна людзей сон агартае,
14  ахапіў мяне страх і дрыжаньне, так што ўсе косткі мае трэсьліся.
15  Калі дух прайшоў перада мною, дыбарам сталі валасы на целе маім.
16  І стаў нехта, але я не пазнаў вобліку ягонага, постаць стала перад вачыма маімі, і пачуў я голас нібы лёгкага ветру:
17  “Ці чалавек больш праведны за Бога, або ці можа ён быць чысьцейшы за Творцу свайго?
18  Ён слугам Сваім не дае веры, і ў анёлах Сваіх знахо­дзіць правіннасьць.
19  Тым больш у тых, што жывуць у хатах гліняных, падмурак якіх — пясок, і нішчэюць яны, быццам моль.
20  Ад раніцы да вечара счэзнуць; ніхто імі не пацікавіцца, і прападуць вечна.
21  І ўсё астатняе будзе аднята ў іх, і памруць яны, бо ня ма­юць розуму”.