Ёў 8
І адказаў Більдад з Шуаху, і сказаў:
«Як доўга ты будзеш так гаварыць? Словы вуснаў тваіх — як вецер гвалтоўны.
Ці ж Бог перакручвае суд? Ці Усемагутны перакручвае праведнасьць?
Калі сыны твае саграшылі супраць Яго, дык Ён аддаў іх у рукі злачыннасьці іхняй.
Аднак, калі ты на сьвітаньні зьвернешся да Бога і будзеш маліць Усемагутнага,
і калі будзеш чысты і праведны, Ён сустрэне цябе і дасьць табе супакой паводле праведнасьці тваёй.
І хоць былі малыя пачаткі твае, канец твой будзе вельмі вялікі.
Распытай пакаленьні даўнейшыя і зваж на досьвед бацькоў тваіх,
бо мы — учора [нарадзіліся] і мала ведаем, бо дні нашыя на зямлі — быццам цень.
10  А яны навучаць цябе, і скажуць табе, і ад сэрца свайго скажуць слова табе.
11  Ці ж можа расьці трысьнёг бяз вільгаці, або чарот без вады?
12  Ён яшчэ квітнее і не сарваныя рукой кветкі ягоныя, але ён сохне раней за ўсю траву.
13  Такі шлях усіх, якія забываюцца пра Бога, і надзея бязбожнага загіне.
14  Надзея яго ценькая, як нітка, пэўнасьць ягоная — як павуціньне.
15  Абапрэцца ён на дом свой, але той не ўстаіць, схопіцца за яго, але ён не ўтрымаецца.
16  Зелянее ён на сонцы і выпускае галінкі свае,
17  і ў купу камянёў запускаюцца карані ягоныя, і паміж камянёў ён вырас.
18  А калі вырвуць яго з месца ягонага, адрачэцца яно ад яго: “Ня ведаю я цябе”.
19  Такая вось радасьць шляху ягонага, а з пылу вырастаюць іншыя.
20  Бог не адкіне нявіннага і ня дасьць рукі ліхотнікам.
21  Ён напоўніць вусны твае сьмехам, і губы твае — радасным ускліканьнем.
22  Тыя, што ненавідзяць цябе, асаромяцца, і не ўстаіць намёт бязбожных».