Суд 9
Абімэлех, сын Еруббаала, пайшоў у Сыхем да братоў маці сваёй і сказаў ім і ўсім сваякам з дому маці сваёй, кажучы:
«Скажыце ўсім людзям у Сыхеме: “Што вам лепш: каб панавалі над вамі ўсе семдзясят сыноў Еруббаала, ці каб панаваў над вамі адзін чалавек?” І майце на ўвазе, што я — костка з косткі вашай і цела з цела вашага».
І браты маці ягонай расказвалі пра яго ўсім людзям у Сыхеме ў такі спосаб, і сэрцы іхнія прыхіліліся да Абімэлеха, бо яны казалі: «Гэта брат наш!»
І далі яму семдзясят сыкляў срэбра з дому Баал-Бэрыта, і Абімэлех наняў за іх прайдзісьветаў і людзей бадзяжных, якія пайшлі за ім.
І вярнуўся ён у дом бацькі свайго ў Офры, і на адным камяні забіў братоў сваіх, сыноў Еруббаала, семдзясят чалавек. Пакінуў толькі Ётама, наймалодшага сына Еруббаала, бо ён быў схаваўшыся.
І сабраліся ўсе мужчыны з Сыхему і ўвесь Бэт-Міло, і пайшлі, і паставілі Абімэлеха валадаром каля дуба, які стаяў блізка Сыхему.
Калі паведамілі пра гэта Ётаму, ён пайшоў і стаў на вяршыні гары Гарызім, і ўзвысіў голас свой, і сказаў: «Слухайце мяне, людзі Сыхему, і няхай пачуе вас Бог.
Сабраліся дрэвы, каб выбраць сабе валадара, і сказалі яны аліўцы: “Валадар над намі”.
Яна адказала: “Ці ж магу я выракчыся алею свайго, якім ганарацца богі і людзі, каб пайсьці хістацца па-над дрэвамі?”
10  І сказалі дрэвы дрэву фігаваму: “Хадзі і будзь валадаром над намі”.
11  Адказала ім дрэва фігавае: “Ці ж маю я выракчыся салодкасьці сваёй і адборнага плоду свайго, каб пайсьці хістацца па-над дрэвамі?”
12  І сказалі дрэвы вінаграду: “Хадзі і будзь валадаром над намі”.
13  Вінаград ім адказаў: “Ці ж маю я выракчыся соку свайго, які весяліць багоў і людзей, каб пайсьці хістацца па-над дрэвамі?”
14  Тады сказалі ўсе дрэвы цярніне: “Хадзі і будзь валадаром над намі!”
15  Адказала цярніна дрэвам: “Калі сапраўды хочаце мяне памазаць на валадара, тады хадзіце і адпачніце ў ценю маім! А калі не, вось, агонь выйдзе з цярніны і спаліць кедры Лібанскія”.
16  І цяпер, калі справядліва і бяз грэху вы паставілі над сабой валадаром Абімэлеха, і калі добра абыйшліся з Еруббаалам і з домам ягоным, і аднагарадзіліся адпаведна дабрадзействамі таму,
17  які ваяваў за вас і жыцьцё сваё выстаўляў за вас на небясьпеку, каб выратаваць вас з рук Мадыянцаў,
18  а вы сёньня паўсталі супраць дому бацькі майго і забілі сыноў ягоных семдзясят чалавек на адным камяні, і выбралі сабе валадаром над жыхарамі Сыхему Абімэлеха, сына служкі ягонай, бо ён — брат ваш,
19  дык калі справядліва і без памылкі ўчынілі вы з Еруббаалам і домам ягоным сёньня, цешцеся з Абімэлеха, і няхай ён цешыцца з вас.
20  Калі ж крывадушна зрабілі, няхай агонь выйдзе з Абімэлеха і спаліць жыхароў Сыхему і Бэт-Міло, і няхай выйдзе агонь з жыхароў Сыхему і Бэт-Міло і спаліць Абімэлеха!»
21  Калі гэта Ётам сказаў, ён уцёк і адыйшоў у Бэра, і жыў там, баючыся брата свайго Абімэлеха.
22  І валадарыў над Ізраілем Абімэлех тры гады.
23  І спаслаў на Абімэлеха Бог духа ліхога між ім і жыхарамі Сыхему, якія збунтаваліся супраць яго,
24  каб такім чынам споўнілася помста за забойства сямідзесяці сыноў Еруббаала, і кроў іхняя павярнулася на Абімэлеха, брата іхняга, які забіў іх, і на жыхароў Сыхему, якія яму дапамагалі.
25  І вось, жыхары Сыхему зрабілі засаду на яго на вяршыні гары, і нападалі на кожнага, хто праходзіў тою дарогаю. І паведамлена было пра гэта Абімэлеху.
26  Тады Гаал, сын Эбэда, прыйшоў з братамі сваімі ў Сыхем, і жыхары Сыхему паверылі яму.
27  І выйшлі яны ў поле, і рвалі вінаград, і выціскалі яго, і сьвяткавалі. І ўвайшлі яны ў сьвятыню бога свайго, там елі, і пілі, і пракліналі Абімэлеха.
28  І казаў Гаал, сын Эбэда: «Хто такі Абімэлех, і хто такі Сыхем, каб мелі мы служыць яму? Ці ж ён не сын Еруббаала, а Зэбул — урадовец ягоны? Лепш служыце людзям Гамора, бацькі Сыхема. Навошта мы будзем служыць [Абімэлеху]?
29  Калі б хто аддаў гэты народ пад руку маю, я прагнаў бы Абімэлеха і сказаў бы яму: “Зьбяры войска сваё і ідзі адсюль!”»
30  І Зэбул, начальнік гораду, чуючы гаворку Гаала, сына Эбэда, вельмі раззлаваўся,
31  і паслаў таемна пасланцоў да Абімэлеха, кажучы: «Вось, Гаал, сын Эбэда, і браты ягоныя прыйшлі ў Сыхем і збунтавалі народ супраць цябе.
32  Дык устань уначы ты і народ твой, і зрабіце засаду ў полі.
33  А раніцаю, калі сонца ўзыйдзе, падрыхтуйся і нападзі на горад. І калі ён і народ, які з ім, выйдзе супраць цябе, зробіш з ім тое, што зможа рука твая».
34  І ўстаў Абімэлех і народ ягоны ўначы, і ў чатырох месцах зрабілі засаду супраць Сыхему.
35  Калі Гаал, сын Эбэда, выйшаў і стаў у браме гораду, выйшаў таксама і Абімэлех і ўсё войска з ім з засады.
36  Гаал убачыў войска і зьвярнуўся да Зэбула: «Вось, нейкія людзі зыходзяць з вяршыні гары». Адказаў яму Зэбул: «Гэта цень гары, а табе здаецца, што людзі».
37  Зноў Гаал сказаў: «Вось, нейкія людзі зыходзяць з вяршыні, а адзін аддзел ідзе дарогаю ад Элон-Мэанэніму».
38  І сказаў яму Зэбул: «Дзе ж цяпер вусны твае, якія казалі: “Хто такі Абімэлех, каб мелі мы яму служыць?” Ці ж гэта ня той народ, якім ты пагарджаеш? Ідзі і ваюй суп­раць яго».
39  І пайшоў Гаал на чале жыхароў Сыхему, і ваяваў супраць Абімэлеха.
40  І гнаў яго Абімэлех, і ён уцякаў, і загінула мноства з боку [Гаала] ў дарозе да брамы гораду.
41  І Абімэлех вярнуўся ў Аруму, а Гаала і братоў ягоных Зэбул выгнаў, і забараніў ім жыць у Сыхеме.
42  І назаўтра выйшаў народ у поле, і было пра гэта паведамлена Абімэлеху.
43  І ён сабраў войска сваё, падзяліў на тры дружыны, і зрабіў засаду ў полі, і, бачачы, што народ выходзіць з гораду, напаў і пабіў іх.
44  У час, калі Абімэлех і дружына ягоная напалі і сталі пад брамай гораду, дзьве другія дружыны напалі на ўсіх тых, якія былі ў полі, і пабілі іх.
45  І Абімэлех увесь той дзень аблягаў горад, і здабыў яго, і выбіў людзей ягоных, і пасьля зьнішчэньня яго пасыпаў яго сольлю.
46  Калі гэта пачулі тыя, што былі ў вежы Сыхемскай, зыйшлі ў сутарэньні дому Баал-Бэрыта.
47  Абімэлех, пачуўшы, што ўсе князі Сыхемскія схаваліся там,
48  з усім народам сваім падняўся на гару Цальмон, і ўзяў сякеру, і адсек сук ад дрэва, і ўзлажыў на плячо, і загадаў народу, які быў з ім: «Што я раблю, і вы рабіце».
49  І яны, хутка насекшы гальля з дрэваў, пайшлі за ім, і заклалі сутарэньні, а пасьля падпалілі. І ад агню і дыму ўсе людзі пагінулі, а было каля тысячы мужчынаў і жанчынаў, усе жыхары Сыхему.
50  Адтуль пайшоў Абімэлех на Тэбэц, і аблягаў Тэбэц, і здабыў яго.
51  А ў сярэдзіне гораду была моцная вежа, у якой схаваліся ўсе мужчыны і жанчыны, усе жыхары гораду, і, моцна замкнуўшы браму, узыйшлі на верх той вежы.
52  Абімэлех падыйшоў пад самую вежу і пачаў яе здабываць. І калі падыйшоў да брамы вежы, жадаючы падлажыць пад яе агонь,
53  нейкая жанчына кінула яму на галаву камень і разьбіла чэрап.
54  Тады ён паклікаў збраяносца свайго і сказаў яму: «Дастань меч твой і забі мяне, каб не казалі, што я забіты жанчынаю». І ўдарыў яго юнак мячом, і ён памёр.
55  Пасьля сьмерці ягонай усе мужчыны Ізраіля, бачачы гэта, вярнуліся ў пасяленьні свае.
56  Так Бог вярнуў Абімэлеху за зло, якое ён зрабіў бацьку свайму, забіваючы семдзясят братоў сваіх.
57  Таксама жыхарам Сыхему было вернута за ўсё, што яны зрабілі, і на іх прыйшоў праклён Ётама, сына Еруббаала.