Ёэль 2
Трубіце ў рог на Сыёне, усклікайце на гары Маёй сьвятой! Дрыжыце, усе жыхары зямлі, бо ідзе дзень ГОСПАДА, бо ён блізка,
дзень цемры і змроку, дзень хмары і імглы. Як зараніца рухаецца па гарах, [так] народ шматлікі і дужы. Падобнага да яго не было спрадвеку і пасьля яго ня будзе аж да гадоў пакаленьня і пакаленьня.
Перад абліччам ягоным агонь жарэ, а за ім полымя спальвае; як сад Эдэм зямля перад ім, а за ім — спустошаная пустыня, і ніхто не ўцячэ ад яго.
Выгляд іхні — нібы выгляд коней, і, як вершнікі, так яны бягуць.
Як грукат калясьніцаў на вяршынях гор, яны імчаць, як трэскат полымя агню, які жарэ салому, як народ дужы шыхтуецца да бітвы.
Ад аблічча ягонага дрыжаць народы, усе твары зьбялелі.
Як волаты яны бягуць, як ваяры ўзыходзяць на муры, і кожны ідзе па шляху сваім, і ня збочвае са сьцежкі сваёй.
Адзін аднаго ня пхае, кожны ідзе дарогаю сваёй, яны падаюць на дзіды і ня гінуць.
У горад урываюцца, на муры ўзыходзяць, у дамы ўваходзяць, праз вокны ўлазяць як злодзей.
10  Перад абліччам Ягоным трасецца зямля, дрыжыць неба, сонца і месяц цямнеюць, і зоркі губляюць бляск свой.
11  І ГОСПАД дае голас Свой перад абліччам войска Свайго, бо вельмі вялікі табар Ягоны, бо магутны той, хто выконвае слова Ягонае, бо вялікі дзень ГОСПАДА і вельмі страшны, і хто можа вытрымаць яго?
12  І нават цяпер, кажа ГОСПАД, навярніцеся да Мяне ўсім сэрцам сваім у посьце, з плачам і галашэньнем.
13  І разьдзірайце сэрца вашае, а не адзеньні вашыя, і навярніцеся да ГОСПАДА, Бога вашага, бо Ён ласкавы і спагадлівы, павольны да гневу і вельмі міласэрны, і шкадуе ў нядолі.
14  Хто ведае, ці Ён не павернецца [да вас], і не пашкадуе, і не пакіне дабраславенства ахвяры хлебнай і ахвяры вадкай для ГОСПАДА, Бога вашага?
15  Трубіце ў рог на Сыёне, прызначце пост, склічце ўрачысты сход,
16  зьбярыце народ, прызначце [збор] царквы, склічце старых, зьбярыце дзяцей і немаўлят; няхай выйдзе жаніх з пакою свайго і нявеста з-пад намёту свайго.
17  Паміж прысенкамі і ахвярнікам няхай плачуць сьвятары, служыцелі Божыя, і няхай кажуць: «Пашкадуй, ГОСПАДЗЕ, народ Твой, і ня дай спадчыны Тваёй на ганьбаваньне, каб народы ня мелі ўлады над ёю. Навошта маюць казаць між народамі: “Дзе Бог іхні?”»
18  І запалае ГОСПАД рэўнасьцю пра зямлю Сваю, і зьлітуецца над народам Сваім.
19  І адказаў ГОСПАД, і сказаў народу Свайму: «Вось, Я пашлю вам збожжа і маладое віно, і алей, і вы насыціцеся імі, і не аддам вас больш на ганьбаваньне між народамі.
20  І [ворага] з поўначы аддалю ад вас, і выганю яго ў зямлю сухую і спустошаную, пярэднюю [дружыну] ягоную — у мора ўсходняе, а заднюю [дружыну] — у мора заходняе; і ўзьнімецца ад яго смурод, і пойдзе ад яго пах гнілізны, бо ён учыніў [ліха] вялікае.
21  Ня бойся, зямля, весяліся і радуйся, бо ГОСПАД зробіць вялікае.
22  Ня бойцеся, жывёлы палявыя, бо зазелянеюць пашы ў пустыні, бо дрэвы дадуць плады свае, дрэва фігавае і вінаград дадуць сілу сваю.
23  А вы, сыны Сыёну, весяліцеся і радуйцеся ў ГОСПАДЗЕ, Богу вашым, бо Ён дасьць вам дождж раньні паводле праведнасьці [Сваёй], і выльле на вас дождж, дождж раньні і дождж позьні, як [было] раней.
24  І напоўняцца такі збожжам, і перапоўняцца тоўчні маладым віном і алеем.
25  І Я аднагароджу вам за тыя гады, у якія [ўсё] паелі саранча, хрушчы, чэрві і вусені — войска Маё вялікае, якое Я паслаў супраць вас.
26  І будзеце есьці, ядучы, і насыціцеся, і будзеце хваліць імя ГОСПАДА, Бога вашага, Які робіць для вас цудоўныя рэчы, і [больш] ня будзе асаромлены народ Мой на вякі.
27  І даведаецеся, што Я ёсьць сярод Ізраіля, і Я — ГОСПАД, Бог ваш, і няма іншага, і [больш] ня будзе асаромлены народ Мой на вякі.
28  І станецца пасьля гэтага, Я выльлю Духа Майго на кожнае цела, і будуць прарочыць сыны вашыя і дочкі вашыя, старыя вашыя будуць сьніць сны, юнакі вашыя будуць бачыць відзежы.
29  І таксама на слугаў і на служак выльлю ў тыя дні Духа Майго,
30  і дам цуды ў небе і на зямлі, кроў і агонь, і слупы дыму.
31  Сонца пераменіцца ў цемру, а месяц — у кроў, перад тым, калі прыйдзе дзень ГОСПАДА, вялікі і страшны.
32  І станецца, кожны, хто будзе клікаць імя ГОСПАДА, будзе выбаўлены, бо на гары Сыён і ў Ерусаліме будзе выбаўленьне, як сказаў ГОСПАД, і сярод тых, якія засталіся, якіх ГОСПАД пакліча.