Яр 10
Слухайце слова, якое прамовіў ГОСПАД да вас, дом Ізраіля!
Гэта кажа ГОСПАД. Не вучыцеся шляху народаў гэтых і ня бойцеся знакаў нябесных, бо іх баяцца народы гэтыя.
Бо боствы народаў — марнасьць, бо гэта дрэва, высечанае ў лесе, зробленае долатам у руках разьбяра.
Аздабляюць іх срэбрам і золатам, прымацоўваюць іх малатком і цьвікамі, і яны не хістаюцца.
Яны — як пудзіла на гародзе, яны не гавораць і, носячы, носяць іх, бо ня ходзяць яны. Ня бойцеся іх, бо ня могуць яны рабіць ані ліхое, ані добрае.
Няма такога, як Ты, ГОС­ПАДЗЕ! Ты вялікі, і вялікае імя магутнасьці Тваёй!
Хто ня будзе баяцца Цябе, Валадару народаў? Бо Табе належыць [гэта], бо паміж усіх мудрацоў народаў і паміж усіх валадарстваў іхніх няма такога як Ты!
Усе яны дурныя і неразумныя, і пустое вучэньне іхняе, гэта [толькі] дрэва.
Срэбная бляха прывезена з Таршышу, і золата — з Уфазу, праца майстра і рук залатара. Адзеньне іхняе з пурпуру і блакіту, усё яно — праца спраўных [майстроў].
10  А ГОСПАД — Бог праўдзівы. Ён — Бог жывы і Валадар вечны. Ад гневу Ягонага дрыжыць зямля, і народы ня могуць устаяць перад гневам Ягоным.
11  Вось так кажыце ім: “Богі, якія не стварылі неба і зямлю, зьнікнуць з зямлі і з-пад неба гэтага”.
12  Ён зрабіў зямлю моцай Сваёй, умацаваў сьвет мудрасьцю Сваёй, і розумам Сваім расьцягнуў неба.
13  Калі голас Ягоны загучыць, шумяць воды ў небе. Ён узьнімае хмары ад краёў зямлі, Ён выклікае маланкі і дождж і выводзіць вецер з камораў Сваіх.
14  Кожны чалавек бяз веданьня — дурны, будзе асаромлены кожны залатар, [які робіць] ідала, бо тое, што зрабіў, падман, і няма духа ў іх.
15  Яны — марнота, праца, вартая сьмеху, у час наведваньня іхняга яны загінуць.
16  Не такая, як яны, частка Якуба, бо Ён —Той, Які ўкшталтаваў усё, а Ізраіль — племя спадчыны Ягонай. ГОСПАД Магуцьцяў — імя Ягонае.
17  Пазьбірай з зямлі клункі твае, ты, што сядзіш у аблозе!
18  Бо гэта кажа ГОСПАД: “Вось, Я гэтым разам выкіну далёка жыхароў зямлі гэтай, і прыцісну іх, каб яны знайшлі [Мяне]”.
19  Гора мне дзеля няшчасьця майго, рана мая невылечная! А я казаў: “Гэта толькі хвароба мая, і я вытрымаю яе”.
20  Намёт мой зьнішчаны, усе вяроўкі мае пазрываныя, сыны мае адыйшлі ад мяне і няма іх, няма ўжо нікога, хто б расьцягнуў намёт мой і хто б павесіў заслоны мае.
21  Бо неразумныя [былі] пастыры і не зьвярталіся да ГОСПАДА, таму не пашанцавала ім, і ўвесь статак іхні расьсеяўся.
22  Голас весткі: “Вось, лязгат вялікі ідзе з зямлі паўночнай, каб перамяніць гарады Юды ў пустку, у лежышча цмокаў”.
23  Ведаю, ГОСПАДЗЕ, што не чалавек [вызначае] шлях свой, і ня ў [моцы] чалавека кіраваць крокамі сваімі, калі ён ідзе.
24  Карай мяне, ГОСПАДЗЕ, але паводле правасудзьдзя, ня ў гневе Тваім, каб Ты ня зьніш­чыў мяне.
25  Вылі ярасьць Тваю на народы, якія ня ведаюць Цябе, і на плямёны, якія імя Твайго ня клічуць, бо яны праглынулі Якуба і зжэрлі яго, і спус­тошылі сялібы ягоныя».