Яр 22
«Гэта кажа ГОСПАД. Зыйдзі ў дом валадара Юды і прамоў там слова гэтае.
І скажаш: “Слухай слова ГОСПАДА, ты, валадар Юды, які сядзіш на пасадзе Давіда, ты, і слугі твае, і народ твой, які ўваходзіць у брамы гэтыя.
Гэта кажа ГОСПАД. Чыніце суд і праведнасьць, вызваляйце прыгнечанага з рукі крыўдзіцеля, і чужынца, сірату і ўдаву не прыгнятайце. Не рабіце гвалту і крыві нявіннай не пралівайце ў месцы гэтым.
Бо калі вы, выконваючы, выканаеце слова гэтае, будуць уваходзіць у брамы дому гэтага валадары, якія сядзяць на пасадзе Давіда і ўяжджаюць на калясьніцах і конях, яны, слугі іхнія і народ іхні.
А калі ня будзеце слухаць словаў гэтых, прысягаю на Сябе Самога, кажа ГОСПАД, дом гэты станецца руінай.
Бо гэта кажа ГОСПАД пра дом валадара Юды: "Ты для Мяне як Гілеад, вяршыня Лібану. Але Я зраблю з цябе пустыню, горад бязьлюдны.
Я падрыхтую супраць цябе нішчыцеляў, кожнага са зброяй ягонай, і яны зрэжуць найлепшыя кедры твае і кінуць у агонь".
І будуць праходзіць шмат народаў праз горад гэты, і скажа кожны бліжняму свайму: "Чаму зрабіў так ГОСПАД гораду гэтаму вялікаму?"
І адкажуць: "За тое, што яны пакінулі запавет ГОСПАДА, Бога свайго, і пакланяліся іншым багам, і служылі ім".
10  Ня плачце дзеля памёршага і не галасіце дзеля яго. Плачце, плачучы, дзеля таго, хто адыходзіць, бо ён ня вернецца ўжо і ня ўбачыць родную зямлю сваю.
11  Бо гэта кажа ГОСПАД пра Шальлюма, сына Ёсіі, валадара Юды, які заваладарыў пасьля Ёсіі, бацькі свайго і які выйшаў з месца гэтага: "Ён ня вернецца больш сюды.
12  Бо ў месцы, у якое завялі яго, там ён памрэ, і зямлі гэтай больш ня ўбачыць"”.
13  Гора таму, хто будуе дом свой на няправеднасьці, і сьвятліцы свае — на судзе несправядлівым, бліжняму свайму кажа працаваць задарма, і заробку ягонага не аддае яму.
14  Ён кажа: “Пабудую сабе дом прасторны і сьвятліцы шырокія”, і высякае вокны сабе, і ашалёўвае [дрэвам] кедровым, і малюе [фарбай] чырвонай.
15  Ці ты будзеш валадарыць, таму што жывеш у [доме] кедровым? Ці ж бацька твой ня еў і ня піў? Але ён чыніў суд і праведнасьць, і добра было яму.
16  Ён разьбіраў справу ўбогага і беднага, і добра было яму тады. Ці ж ня гэта [значыць] ведаць Мяне? — кажа ГОСПАД.
17  А вочы твае і сэрца тваё [прагнуць] толькі карысьці тваёй, каб праліваць кроў нявінную, каб чыніць крыўды і гвалты.
18  Дзеля гэтага так кажа ГОСПАД пра Егаякіма, сына Ёсіі, валадара Юды: “Ня будуць галасіць па ім: “Аёй, браце мой! Аёй, сястра мая!” Ня будуць галасіць па ім: “Аёй, пане! Аёй, яснавяльможны!”
19  Будзе ён пахаваны, як хаваюць асла. Выцяг­нуць яго і кінуць па-за брамамі Ерусаліму”.
20  Узыйдзі на Лібан і крычы, і на Башане ўзьнімі голас твой, і гукай з Абарыму, бо зьнішчаны ўсе, якія любілі цябе.
21  Я прамаўляў да цябе ў [час] бясьпекі тваёй, а ты адказаў: “Ня буду слухаць!” Гэта шлях твой ад юнацтва твайго, што ты ня слухаўся голасу Майго.
22  Усіх пастыраў тваіх будзе пасьвіць вецер, а тыя, што любілі цябе, пойдуць у няволю. Вось тады ты засаромішся і пачырванееш з прычыны ўсёй ліхоты тваёй.
23  Ты, што жывеш на Лібане і маеш гняздо на кедрах, як ты будзеш стагнаць, калі прыйдуць на цябе болі, як болі той, якая нараджае.
24  Як жывы Я, кажа ГОСПАД, калі б Ехонія, сын Егаякіма, валадар Юды, быў пярсьцёнкам на правай руцэ Маёй, нават адтуль Я сарву яго!
25  Я аддам цябе ў рукі тых, якія шукаюць душы тваёй, і ў рукі тых, абліччаў якіх ты баішся, у рукі Навухаданосара, валадара Бабілонскага, і ў рукі Халдэйцаў.
26  І Я выкіну цябе і маці тваю, якая нарадзіла цябе, у зямлю чужую, у якой вы не нарадзіліся, і там вы памрацё,
27  і ў зямлю, у якую прагнеце душою сваёй, каб вярнуцца, ня вернецеся.
28  Ці ж чалавек той, Ехонія, — [гэта] пасудзіна пагарджаная і пабітая? Ці ж ён — рэч, у якой ня маюць упадабаньня? Чаму адкінуты ён і насеньне ягонае, і выкінутыя ў зямлю, якой яны ня ведаюць?
29  Зямля, зямля, зямля! Слухай слова ГОСПАДА!
30  Гэта кажа ГОСПАД: “Запішыце чалавека гэтага як мужчыну, пазбаўленага патомства, якому няма шчасьця ў днях ягоных, бо ня будзе мець шчасьця ніхто з насеньня ягонага, каб сядзець на пасадзе Давіда і панаваць у Юдзе”».