Яр 24
ГОСПАД паказаў мне, і вось, два кашы фігаў пастаўлены перад сьвятыняй ГОСПАДА пасьля таго, як Навухаданосар, валадар Бабілонскі, вывеў з Ерусаліму Ехонію, сына Егаякіма, валадара Юды, і рамесьнікаў, і кавалёў, і завёў іх у Бабілон.
У адным кашы фігі вельмі добрыя, фігі раньнія, а ў другім кашы фігі вельмі кепскія, якія нельга есьці, бо яны сапсутыя.
І сказаў мне ГОСПАД: «Што ты бачыш, Ярэмія?» І я сказаў: «Фігі. Фігі добрыя, вельмі добрыя, і кепскія, вельмі кепскія, якія нельга есьці, бо яны сапсутыя».
І было слова ГОСПАДА да мяне, кажучы:
«Гэта кажа ГОСПАД, Бог Ізраіля. Як на гэтыя фігі добрыя, так Я гляджу на выгнанцаў Юды, якіх Я выслаў з месца гэтага ў зямлю Халдэйцаў, дзеля дабра [для іх].
І Я зьвярну вочы Мае на іх дзеля дабра іхняга, і вярну іх у зямлю гэтую, і адбудую іх, і не зруйную, і пасаджу іх, і ня вырву.
І дам ім сэрца, каб ведалі Мяне, што Я — ГОСПАД, і яны будуць для Мяне народам, а Я буду для іх Богам, бо яны навернуцца да Мяне ўсім сэрцам сваім.
І як фігі кепскія, якія нельга есьці, бо яны сапсутыя, кажа ГОСПАД, так Я аддам Сэдэкію, валадара Юды, і князёў ягоных, і рэшту Ерусаліму, тых, якія засталіся ў зямлі гэтай, і жыхароў зямлі Эгіпецкай,
аддам іх на страхоцьце і на ліхоцьце для ўсіх валадарстваў зямлі, на ганьбу і на показку, на пасьмешышча і на праклён на ўсякім месцы, куды Я выганю іх.
10  І Я пашлю на іх меч, голад і пошасьць, пакуль яны ня будуць зьнішчаныя з аблічча зямлі, якую Я даў ім і бацькам іхнім».