Яр 34
Слова, якое было ад ГОСПАДА да Ярэміі, калі Навухаданосар, валадар Бабілонскі, і ўсё войска ягонае, і ўсе валадарствы зямлі, падуладныя руцэ ягонай, і ўсе народы ваявалі супраць Ерусаліму і ўсіх гарадоў ягоных, кажучы:
«Гэта кажа ГОСПАД, Бог Ізраіля. Ідзі і скажы Сэдэкіі, валадару Юды, і скажы яму: “Гэта кажа ГОСПАД. Вось, Я аддам горад гэты ў рукі валадара Бабілонскага, і ён спаліць яго агнём.
І ты не ўцячэш ад рукі ягонай, будзеш схоплены і выдадзены ў рукі ягоныя, і вочы твае ўбачаць вочы валадара Бабілонскага, і вусны твае будуць прамаўляць да вуснаў ягоных, і ты пойдзеш у Бабілон.
Аднак паслухай слова ГОСПАДА, Сэдэкія, валадар Юды. Гэта кажа ГОСПАД пра цябе. Ты не памрэш ад мяча.
Ты памрэш у супакоі, і падобна, як палілі пахошчы для бацькоў тваіх, валадароў даўнейшых, якія былі перад табою, так будуць паліць і для цябе. І будуць галасіць па табе: "Аёй! Аёй!", бо Я прамовіў слова, кажа ГОСПАД”».
І прамовіў прарок Ярэмія Сэдэкіі, валадару Юды, усе словы гэтыя ў Ерусаліме.
А войска валадара Бабілонскага ваявала супраць Ерусаліму і супраць усіх пазасталых гарадоў Юды, супраць Ляхішу і Азэкі, бо толькі гэтыя гарады ўмацаваныя трымаліся спаміж усіх гарадоў Юды.
Слова, якое было да Ярэміі ад ГОСПАДА пасьля заключэньня валадаром Сэдэкіем запавету з усім народам Ерусаліму, каб абвясьціць для іх свабоду,
каб кожны адпусьціў на свабоду нявольніка свайго і нявольніцу сваю, Гебрая і Гебрайку, каб ніхто не трымаў у нявольніцтве брата свайго Юдэя.
10  І згадзіліся ўсе князі і ўсе людзі, якія заключылі запавет, выпусьціць на свабоду кожны нявольніка свайго і кожны нявольніцу сваю і не трымаць іх у нявольніцтве. І яны згадзіліся, і адпусьцілі [іх].
11  Але потым яны, вяртаючы, вярнулі нявольнікаў і нявольніцаў, якіх адпусьцілі на свабоду, і прымусам прымусілі, [каб яны былі] нявольнікамі і нявольніцамі.
12  І было слова ГОСПАДА да Ярэміі ад ГОСПАДА, кажучы:
13  «Гэта кажа ГОСПАД, Бог Ізраіля. Я заключыў запавет з бацькамі вашымі ў дзень, калі вывеў іх з зямлі Эгіпецкай, з дому няволі, кажучы:
14  “Як пройдзе сем гадоў, вызваліце кожны брата свайго, Гебрая, які запрадаўся табе ў няволю і служыў табе шэсьць гадоў, і пусьціце яго ад сябе вольным”. Але бацькі вашыя ня слухалі Мяне і не прыхілілі [да гэтага] вуха свайго.
15  Вы навярнуліся сёньня і зрабілі тое, што справядлівае ў вачах Маіх, абвяшчаючы свабоду кожны бліжняму свайму, і заключылі запавет перад абліччам Маім у Доме, у якім клічуць імя Маё.
16  Але вы адступіліся і зьняважылі імя Маё, і вярнулі кожны нявольніка свайго і нявольніцу сваю, якіх адпусьцілі вольнымі, [каб ішлі] паводле жаданьня свайго, і прымусілі іх, каб былі для вас нявольнікамі і нявольніцамі.
17  Дзеля гэтага так кажа ГОСПАД. Вы не паслухалі Мяне, каб абвясьціць свабоду кожны брату свайму і кожны бліжняму свайму. Вось, Я абвяшчаю вас свабоднымі, кажа ГОСПАД, [ісьці] пад меч, заразу і голад, і Я аддам вас на страхоцьце для ўсіх валадарстваў зямлі.
18  І аддам тых людзей, якія парушылі запавет Мой, якія ня споўнілі словаў запавету, што заключылі перад абліччам Маім, якія расьсеклі на дзьве [часткі] бычка і прайшлі паміж імі,
19  князёў Юды і князёў Ерусаліму, эўнухаў, сьвятароў і ўвесь народ зямлі гэтай, які праходзіць паміж часткамі бычка [ахвярнага],
20  Я аддам у рукі ворагаў іхніх і ў рукі тых, якія шукаюць душу іхнюю. І стануцца трупы іхнія пажываю для птушак нябесных і зьвяроў зямных.
21  А Сэдэкію, валадара Юды, і князёў ягоных Я аддам у рукі ворагаў іхніх, у рукі тых, якія шукаюць душы іхняй, у рукі войска валадара Бабілонскага, якое [цяпер] адыйшло ад вас.
22  Вось, Я загадаю, кажа ГОСПАД, і прывяду іх зноў супраць гораду гэтага, і будуць яны ваяваць супраць яго, і здабудуць яго, і спаляць агнём, і гарады Юды Я зраблю пусткаю, без жыхароў».