Яр 52
Сэдэкія меў дваццаць адзін год, калі заваладарыў, і адзінаццаць гадоў валадарыў у Ерусаліме. Імя маці ягонай — Хамуталь, дачка Ярэміі з Лібны.
І рабіў ён ліхое ў вачах ГОСПАДА, усё так, як рабіў Егаякім.
Бо сталася гэта з прычыны гневу ГОСПАДА на Ерусалім і Юду, бо Ён адкінуў іх ад аблічча Свайго. І збунтаваўся Сэдэкія супраць валадара Бабілонскага.
І сталася ў дзявятым годзе валадараньня ягонага, у дзясятым месяцы, у дзясяты [дзень] месяца прыйшоў Навухаданосар, валадар Бабілонскі, ён і ўсё войска ягонае, да Ерусаліму і аблажыў яго, і пабудаваў кругом яго валы.
І горад быў у аблозе аж да адзінаццатага году валадара Сэдэкіі.
У чацьвёртым месяцы, у дзявяты [дзень] месяца запанаваў голад у горадзе, і не было хлеба для народу зямлі.
І быў зроблены вылом у муры гораду, і ўсе ваяры ўцяклі і выйшлі з гораду ўначы праз браму між падвойным мурам, які каля саду валадара, а Халдэйцы былі вакол гораду. І выйшлі яны дарогай у бок Арабы.
І войска Халдэйскае гналася за валадаром, і дагналі Сэдэкію ў стэпе каля Ерыхону, і ўсё войска ягонае рассыпалася ад яго.
І схапілі валадара, і завялі яго ў Рыўлю ў зямлі Хамат да валадара Бабілонскага, і ён выдаў на яго прысуд.
10  І забіў валадар Бабілонскі сыноў Сэдэкіі на вачах ягоных, а таксама ўсіх князёў Юды пазабівалі ў Рыўлі.
11  І [Навухаданосар] вырваў вочы Сэдэкіі і закаваў яго ў кайданы, і завёў яго валадар Бабілонскі ў Бабілон, і ўкінуў у вастрог аж да дня сьмерці ягонай.
12  А ў пятым месяцы, у дзясяты [дзень] месяца, а [быў] гэта дзевятнаццаты год Навухаданосара, валадара Бабілонскага, увайшоў у Ерусалім Нэвузарадан, начальнік целаахоўнікаў, які стаяў перад абліччам валадара Бабілонскага.
13  І спаліў ён Дом ГОСПАДА, і дом валадара, і ўсе дамы ў Ерусаліме, і кожны вялікі дом спаліў агнём.
14  І зруйнавала ўвесь мур вакол Ерусаліму войска Халдэйскае, якое [было] з начальнікам целаахоўнікаў.
15  А галоту народу і рэшту народу, якая засталася ў горадзе, і ўцекачоў, якія перайшлі да валадара Бабілонскага, і рэшту людзей простых выгнаў [у няволю] Нэвузарадан, начальнік целаахоўнікаў.
16  А [некаторых] з галоты народу зямлі пакінуў Нэвузарадан, начальнік целаахоўнікаў, як вінаградараў і земляробаў.
17  І паламалі Халдэйцы слупы мядзяныя, якія [былі] ў Доме ГОСПАДА, і падставы, і мора мядзянае, якое [было] ў Доме ГОСПАДА, і ўсю медзь вывезьлі ў Бабілон.
18  І ўзялі яны катлы, лапаткі, нажніцы, крапільніцы, лыжкі і ўвесь посуд мядзяны, якім [карысталіся] пры служэньні.
19  І місы, папяльніцы, крапільніцы, збаны, сьвечнікі, келіхі і лыжкі, і што было з золата, [усё] золата, і што было са срэбра, [усё] срэбра забраў начальнік целаахоўнікаў.
20  І два слупы, адно мора, дванаццаць валоў мядзяных, [медзь] ад падставаў, якія зрабіў для Дому ГОСПАДА валадар Салямон, і нельга было зважыць медзі з усіх тых рэчаў.
21  Слупы [былі такія:] васямнаццаць локцяў вышыні адзін слуп, і шнур у дванаццаць локцяў апаясваў яго, таўшчыня ягоная — чатыры пальцы, а ў сярэдзіне — пусты.
22  На ім [была] галавіца з медзі, а вышыня адной галавіцы — пяць локцяў, і сеціва, і яблыкі гранатовыя кругом галавіцы, усё з медзі. І другі слуп быў такі самы, і яблыкі гранатовыя.
23  І было дзевяноста шэсьць яблыкаў гранатовых уздоўж, а ўсяго было вакол на сеціве сто яблыкаў гранатовых.
24  І схапіў начальнік целаахоўнікаў Сэраю, галоўнага сьвятара, і сьвятара-намесьніка Цэфанію, і трох прыдзьвернікаў.
25  А ў горадзе схапіў ён аднаго эўнуха, які быў начальнікам войска, і сем чалавек, якія бачаць аблічча валадара, якіх знайшлі ў горадзе, і пісара начальніка войска, які рабіў попіс народу зямлі, і шэсьцьдзясят людзей простых, якіх знайшлі ў горадзе.
26  І ўзяў іх Нэвузарадан, начальнік целаахоўнікаў, і завёў іх да валадара Бабілонскага ў Рыўлю.
27  І забіў іх валадар Бабілонскі, і замардаваў іх у Рыўлі ў зямлі Хамат. І быў выгнаны Юда з зямлі сваёй.
28  Вось народ, які выгнаў [у няволю] Навухаданосар: у сёмым годзе — тры тысячы дваццаць тры Юдэі;
29  у васямнаццатым годзе Навухаданосара — васемсот трыццаць дзьве душы з Ерусаліму;
30  у дваццаць трэцім годзе Навухаданосара Нэвузарадан, начальнік целаахоўнікаў, выгнаў [у няволю] семсот сорак пяць душаў Юдэяў. Усіх [разам] — чатыры тысячы шэсьцьсот душаў.
31  І сталася ў трыццаць сёмым годзе выгнаньня Егаяхіна, валадара Юды, у дванаццатым месяцы, у дваццаць пяты [дзень] месяца, Эвіль-Мэрадах, валадар Бабілонскі, у год, калі заваладарыў, падняў галаву Егаяхіну, валадару Юды, і вывеў яго з вязьніцы.
32  І ён прамаўляў да яго добра, і ўзьняў пасад ягоны па-над пасады валадароў, якія [былі] з ім у Бабілоне.
33  І зьняў Егаяхін шаты свае вязьнічныя, і еў хлеб заўсёды перад абліччам ягоным у-ва ўсе дні жыцьця свайго.
34  І [адносна] ежы ягонай, ежа заўсёды давалася яму ад валадара Бабілонскага дзень у дзень аж да сьмерці ягонай у-ва ўсе дні жыцьця ягонага.