ІсНав 20
І наказаў Гасподзь Ісусу казаць:
скажы сынам Ізраілевым: зрабеце ў сябе гарады-сховы, пра якія Я казаў вам праз Майсея,
каб мог уцякаць туды забойца, які забіў чалавека памылкова, без намыслу; няхай будуць у вас сховішчам ад помсьніка за кроў.
І хто ўцячэ ў адзін з гарадоў гэтых, няхай стане каля брамы горада і раскажа ўголас старэйшынам горада гэтага справу сваю; і яны прымуць яго да сябе ў горад і дадуць яму месца, каб ён жыў у іх;
і калі пагоніцца за ім помсьнік за кроў, дык яны не павінны выдаваць у рукі яго забойцу, бо ён без намыслу забіў блізкага свайго, ня меў да яго нянавісьці ні ўчора, ні заўчора;
няхай ён жыве ў гэтым горадзе, пакуль ня стане перад супольствам на суд, пакуль не памрэ вялікі сьвятар, якія будзе ў тыя дні. А потым няхай вернецца забойца і пойдзе ў горад свой і ў дом свой, зь якога ён уцёк.
І выдзелілі Кедэс у Галілеі на гары Нэфталімавай, Сіхем на гары Яфрэмавай, і Кірыят-Арбы, інакш Хэўрон, на гары Юдавай;
за Ярданам, насупраць Ерыхона на ўсход, аддзялілі: Бэцэр у пустыні, на раўніне, ад племя Рувімавага, і Рамот у Галаадзе ад племя Гадавага, і Галан у Васане ад племя Манасіінага:
гэтыя гарады вызначаны ўсім сынам Ізраілевым і прыхадням, якія жывуць у іх, каб уцякаў туды кожны, хто забіў чалавека памылкова, каб не памёр ён ад рукі помсьніка за кроў, пакуль ня стане перад супольствам.