Ег 7
А сыны Ізраіля дапусьціліся злачынства, бо ўзялі рэчы заклятыя, бо Ахан, сын Кармія, сына Заўдыя, сына Зэраха, з калена Юды, узяў нешта з рэчаў заклятых. І разгневаўся ГОСПАД на сыноў Ізраіля.
Егошуа паслаў з Ерыхону людзей у Гай, які каля Бэт-Авэну на ўсход ад Бэтэлю, кажучы ім: «Ідзіце і выведайце зямлю». Яны пайшлі і агледзелі Гай,
і, вярнуўшыся, сказалі Егошуа: «Няхай не ідзе ўвесь народ, але няхай пойдуць дзьве або тры тысячы і зьнішчаць горад. Не турбуй увесь народ, бо мала ворагаў».
І выбралася каля трох тысячаў ваяроў, але яны кінуліся ўцякаць перад жыхарамі Гаю.
Жыхары Гаю забілі з іх каля трыццаці шасьці чалавек, гонячы іх ад брамы аж да Шэбарыму, і забівалі іх на спуску з гары. І саслабела сэрца народу, і сталася, як вада.
Тады Егошуа разьдзёр адзеньне сваё і ўпаў на аблічча сваё на зямлю перад Каўчэгам ГОСПАДА, ён і старшыні Ізраіля, аж да вечара, і пасыпалі попелам галовы свае.
І маліўся Егошуа, кажучы: «О, Госпадзе, ГОСПАДЗЕ, чаму захацеў Ты пераправіць народ гэты за раку Ярдан, каб выдаць нас у рукі Амарэйцаў і выгубіць? Лепш бы мы заставаліся і жылі за Ярданам!
Госпадзе, што маю сказаць, калі бачу, як Ізраіль уцякае перад ворагамі?
Пачуюць Хананейцы і ўсе жыхары зямлі, і акружаць нас, і сатруць імя нашае з зямлі. І што тады зробіш для імя Твайго вялікага?»
10  І сказаў ГОСПАД Егошуа: «Устань! Чаму ляжыш ніцма на зямлі?
11  Ізраіль саграшыў, яны парушылі запавет, які Я заключыў з імі, і ўзялі сабе тое, што было заклятае, укралі гэта, затаілі і схавалі паміж рэчаў сваіх.
12  Таму сыны Ізраіля не ўстаялі перад ворагамі сваімі і ўцяклі ад іх, бо яны падпалі пад закляцьце. Ня буду Я больш з вамі, пакуль ня вынішчыце спаміж сябе заклятага.
13  Устань, ачысьці народ і скажы ім: “Ачысьціцеся да заўтра, бо вось што кажа ГОСПАД, Бог Ізраіля: "Заклятае ёсьць у цябе, Ізраілю! Таму не ўстаіцё перад ворагамі сваімі, пакуль ня прымеце заклятага спаміж сябе"”.
14  Дзеля гэтага заўтра раніцаю будзеце падыходзіць па каленах, а калена, на якое ГОСПАД пакажа жэрабям, няхай ідзе па родах, а род, на які пакажа ГОСПАД, няхай ідзе па сем’ях, а сям’я, на якую пакажа ГОСПАД, няхай ідзе па адным чалавеку.
15  У каго знойдуцца рэчы заклятыя, будзе спалены разам з усім, што да яго належыць, бо ён парушыў запавет ГОСПАДА і дапусьціўся злачынства ў Ізраілі».
16  І ўстаў Егошуа рана, і загадаў падыходзіць Ізраілю па каленах. І жэрабям паказана было калена Юды.
17  І загадаў падыходзіць родам Юды, і жэрабям быў паказаны род Зэраха. І загадаў падыходзіць роду Зэраха сем’ямі, і жэрабем паказана была сям’я Заўдыя.
18  І загадаў падыходзіць паасобным мужчынам з сем’ямі сваімі, і жэрабям быў паказаны Ахан, сын Кармія, сына Заўдыя, сына Зэраха, з калена Юды.
19  І сказаў Егошуа Ахану: «Сыне мой, аддай славу ГОСПАДУ, Богу Ізраіля, і падзякуй, і скажы мне, што ты зрабіў. Ня ўтойвай ад мяне».
20  І адказаў Ахан Егошуа, і сказаў: «Сапраўды, саграшыў я перад ГОСПАДАМ, Богам Ізраіля. Вось што я зрабіў.
21  Убачыў я між здабычы прыгожы плашч з Шынэару, дзьвесьце сыкляў срэбра і залаты пруток у пяцьдзясят сыкляў вагі. Зажадаў я іх, і забраў іх, і схаваў у зямлі ў сярэдзіне намёту майго, а срэбра пад імі».
22  І Егошуа выслаў пасланцоў, і яны пабеглі ў намёт, і знайшлі там усё схаванае ў тым самым месцы, і срэбра пад ім.
23  І забралі іх з сярэдзіны намёту, і прынесьлі да Егошуа і да ўсіх сыноў Ізраіля, і палажылі перад абліччам ГОСПАДА.
24  І Егошуа ўзяў Ахана, сына Зэраха, срэбра, плашч і пруток золата, і сыноў ягоных, і дачок, і валоў, і аслоў, і авечак, і сам намёт, і ўсё ягонае, і ўвесь Ізраіль з ім, і вывеў іх у даліну Ахор.
25  І там сказаў Егошуа: «За тое, што ты навёў на нас гора, няхай ГОСПАД навядзе на цябе гора ў гэты дзень». І ўкаменаваў яго ўвесь Ізраіль камянямі, а [ўсё] ягонае агнём было спалена.
26  І накідалі на яго купу камянёў вялікую, якая [захавалася] да сёньняшняга дня. І адвярнуўся гнеў ГОСПАДА ад іх, таму назвалі тое месца далінаю Ахор аж да сёньня.