2 Вал 15
У дваццаць сёмым годзе Ерабаама, валадара Ізраіля, Азарыя, сын Амазіі, стаў валадаром Юды.
Меў ён шаснаццаць гадоў, калі стаў валадаром, і валадарыў у Ерусаліме пяцьдзясят два гады. Імя маці ягонай — Ехолія з Ерусаліму.
І рабіў ён слушнае ў вачах ГОСПАДА, усё, як рабіў Амазія, бацька ягоны.
Толькі ўзгоркі не былі зьнішчаныя, і народ складаў ахвяры, і кадзіў на ўзгорках.
І наведаў ГОСПАД валадара, і ён быў пракажоны аж да дня сьмерці сваёй, і жыў у доме самотна, а Ёатам, сын валадара, быў над домам [валадара] і судзіў народ зямлі.
А іншыя дзеяньні Азарыі і ўсё, што ён рабіў, запісаныя ў Кнізе летапісаў валадароў Юды.
І супачыў Азарыя з бацькамі сваімі, і пахавалі яго з бацькамі ягонымі ў горадзе Давіда. І стаў валадаром пасьля яго Ёатам, сын ягоны.
У трыццаць восьмым годзе Азарыі, валадара Юды, Захарыя, сын Ерабаама, стаў валадаром Ізраіля ў Самарыі на шэсьць месяцаў.
І рабіў ён ліхоту ў вачах ГОСПАДА, як рабілі бацькі ягоныя, і не адступіў ад грахоў Ерабаама, сына Навата, які ўвёў у грэх Ізраіля.
10  І Шальлюм, сын Ябэша, змовіўся супраць яго, і напаў на яго ў Іблеаме, і забіў, і заваладарыў на месцы ягоным.
11  А іншыя дзеяньні Захарыі запісаныя ў Кнізе летапісаў валадароў Ізраіля.
12  Бо такое [было] слова ГОСПАДА, якое Ён прамовіў да Егу, кажучы: «Сыны твае аж да чацьвёртага пакаленьня будуць сядзець на пасадзе Ізраіля». І так сталася.
13  Шальлюм, сын Ябэша, стаў валадаром у трыццаць дзявятым годзе Узіі, валадара Юды, і валадарыў адзін месяц у Самарыі.
14  І выйшаў Мэнахэм, сын Гадзі, з Тырцы, і прыйшоў у Самарыю, і напаў на Шальлюма, сына Ябэша, у Самарыі, і забіў яго, і стаў валадаром замест яго.
15  А іншыя дзеяньні Шальлюма і змова ягоная, якую ён учыніў, запісаныя ў Кнізе летапісаў валадароў Ізраіля.
16  І спустошыў Мэнахэм Тыфсах і ўсё, што ў ім было, і ваколіцы ягоныя, [пачынаючы] ад Тырцы, бо [горад] не адчыніў яму [брамы]. І ён выбіў яго, і ўсіх цяжарных жанчынаў пасек.
17  У трыццаць дзявятым годзе Азарыі, валадара Юды, Мэнахэм, сын Гадзі, стаў валадаром Ізраіля ў Самарыі на дзесяць гадоў.
18  І рабіў ён ліхоту ў вачах ГОСПАДА, і не адступаў ад грахоў Ерабаама, сына Навата, які ўвёў у грэх Ізраіля, у-ва ўсе дні свае.
19  І прыйшоў Пул, валадар Асірыі, у зямлю Ізраіля. І Мэнахэм даў Пулу тысячу талентаў срэбра, каб былі рукі ягоныя з ім і каб умацаваць валадарства ў руках сваіх.
20  І Мэнахэм гэтае срэбра разлажыў на Ізраільцянаў, на ўсіх людзей багатых, па пяцьдзясят сыкляў срэбра на кожнага чалавека, каб аддаць валадару Асірыі. І валадар Асірыі вярнуўся назад, і не застаўся ў зямлі Ізраіля.
21  А іншыя дзеяньні Мэнахэма і ўсё, што ён зрабіў, запісаныя ў Кнізе летапісаў валадароў Ізраіля.
22  І супачыў Мэнахэм з бацькамі сваімі, а пасьля яго стаў валадаром Пэкахія, сын ягоны.
23  У пяцідзясятым годзе Азарыі, валадара Юды, Пэкахія, сын Мэнахэма, стаў валадаром Ізраіля ў Самарыі на два гады.
24  І рабіў ён ліхоту ў вачах ГОСПАДА, і не адступаў ад грахоў Ерабаама, сына Навата, які ўвёў у грэх Ізраіля.
25  І змовіўся супраць яго Пэках, сын Рэмаліі, збраяносец ягоны, і забіў яго ў Самарыі ў вежы дому валадара з Аргобам і Арыяй, і з ім пяцьдзясят сыноў Гілеаду. І ён забіў яго, і стаў валадаром замест яго.
26  А іншыя дзеяньні Пэкахіі і ўсё, што ён зрабіў, запісаныя ў Кнізе летапісаў валадароў Ізраіля.
27  У пяцьдзясят другім годзе Азарыі, валадара Юды, Пэках, сын Рэмаліі, стаў валадаром Ізраіля ў Самарыі на дваццаць гадоў.
28  І рабіў ён ліхоту ў вачах ГОСПАДА, і не адступаў ад грахоў Ерабаама, сына Навата, які ўвёў у грэх Ізраіля.
29  У дні Пэкаха, валадара Ізраіля, прыйшоў Тыглят-Пілесэр, валадар Асірыі, і здабыў Абэль-Бэт-Мааху, Янаах, Кэдэш, Хацор, Гілеад, Галілею і ўсю зямлю Нэфталі, і перасяліў іх у Асірыю.
30  А Осія, сын Элы, змовіўся супраць Пэкаха, сына Рэмаліі, і напаў на яго, і забіў яго, і стаў валадаром замест яго ў дваццатым годзе Ётама, сына Узіі.
31  А іншыя дзеяньні Пэкаха і ўсё, што ён зрабіў, запісаныя ў Кнізе летапісаў валадароў Ізраіля.
32  У другім годзе Пэкаха, сына Рэмаліі, валадара Ізраіля, стаў валадаром Ётам, сын Узіі, валадара Юды.
33  Меў ён дваццаць пяць гадоў, калі стаў валадаром, і шаснаццаць гадоў валадарыў у Ерусаліме. Імя маці ягонай — Еруша, дачка Цадока.
34  І рабіў ён слушнае ў вачах ГОСПАДА; паводле ўсяго, што рабіў Узія, бацька ягоны, ён рабіў.
35  Толькі ўзгоркі не былі зьнішчаныя, і народ складаў ахвяры, і кадзіў на ўзгорках. І пабудаваў ён верхнюю браму Дому ГОСПАДА.
36  А іншыя дзеяньні Ётама і ўсё, што ён зрабіў, запісаныя ў Кнізе летапісаў валадароў Юды.
37  У дні ягоныя ГОСПАД пачаў пасылаць на Юду Рэцына, валадара Сірыі, і Пэкаха, сына Рэмаліі.
38  І супачыў Ётам з бацькамі сваімі, і быў пахаваны з бацькамі сваімі ў горадзе Давіда, бацькі свайго. І стаў валадаром пасьля яго Ахаз, сын ягоны.