КНІГА ЛЯВІТ
Ляв 1
І паклікаў ГОСПАД Майсея, і прамовіў да яго з Намёту Спатканьня, кажучы:
«Прамоў да сыноў Ізраіля і скажы ім: “Калі хто з вас захоча скласьці ахвяру з хатняе жывёлы, няхай складае [ахвяру] з валоў або жывёл драбнейшых.
Калі ён захоча скласьці ахвяру цэласпаленьня з быдла, няхай ахвяруе самца без заганы і прывядзе яго да ўваходу Намёту Спатканьня, каб ГОСПАД прыняў яго ласкава,
і паложыць руку на галаву ахвяры, каб была прынята як перамаленьне за яго.
Потым заб’е цяля перад ГОСПАДАМ, а сыны Аарона, сьвятары, ахвяруюць кроў і пакрапяць ёю кругом ахвярнік, які стаіць перад уваходам у Намёт Спатканьня;
а пасьля здыме ён скуру з ахвяры цэласпаленьня і пасячэ ахвяру на часткі.
Сыны ж Аарона, сьвятары, прынясуць агонь на ахвярнік і паложаць дровы на агні.
Потым сыны Аарона, сьвятары, паложаць часткі разам з галавой і тлушчам на дровах, што ляжаць на агні на ахвярніку.
А нутро ахвяры і ногі яе вымые ён вадою, і спаліць сьвятар усё гэта на ахвярніку; гэта цэласпаленьне, ахвяра агнявая, мілы пах ГОСПАДУ.
10  Калі вось хто хоча скласьці ахвяру цэласпаленьня з дробнай жывёлы, з авечак або козаў, няхай возьме самца без заганы,
11  і заб’е яго перад ГОСПАДАМ на паўночным баку ахвярніка, а сыны Аарона, сьвятары, пакропяць крывёй яго ахвярнік наўкола.
12  І расьсячэ яго на часткі, а сьвятар паложыць іх разам з галавой і тлушчам на дровы, што ляжаць на агні на ахвярніку,
13  а нутро і ногі вымые ён вадой; і сьвятар зложыць гэта ўсё на ахвярніку і спаліць; гэта цэласпаленьне, ахвяра агнявая, мілы пах ГОСПАДУ.
14  А калі хто захоча скласьці ў ахвяру ГОСПАДУ птушку на цэласпаленьне, няхай ахвяруе туркаўку або маладога галуба.
15  І сьвятар прынясе яго на ахвярнік, зломіць яму галаву і спаліць на ахвярніку, а кроў яго выцісьне на сьцяну ахвярніка;
16  і возьме валяк з пер’ем, і выкіне каля ахвярніку на ўсходнім баку, дзе попел;
17  і надломіць яго паміж крыламі, не аддзяляючы іх, і спаліць іх сьвятар на ахвярніку, на дровах, што ляжаць на агні; гэта цэласпаленьне, ахвяра агнявая, мілы пах ГОСПАДУ.