Ляв 14
І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы:
«Гэта закон адносна пракажонага ў дзень ачышчэньня ягонага. Няхай прывядуць яго да сьвятара,
і сьвятар выйдзе па-за табар, і агледзіць яго сьвятар, і вось, хвароба праказы вылечаная ў пракажонага.
І загадае сьвятар, каб за таго, які ачышчаны, узялі дзьве птушкі жывыя, чыстыя, і дрэва кедровага, і ніткі кармазыновыя, і гізоп.
І сьвятар загадае забіць адну птушку над гліняным начыньнем, [напоўненым] вадой жывою.
І возьме другую жывую птушку разам з дрэвам кедровым, і ніткі кармазыновыя, і гізоп, і ўмочыць іх і птушку жывую ў крыві [птушкі], забітай над вадою жывою,
і папырскае на ачышчанага ад праказы сем разоў, і прызнае яго чыстым. А птушку жывую выпусьціць у поле.
Ачышчаны памые адзеньне сваё, абголіць усе валасы свае, і вымыецца ў вадзе, і будзе чысты. Пасьля ачышчаны ўвой­дзе ў табар і будзе жыць сем дзён па-за намётам сваім.
У сёмы дзень абголіць ён усе валасы свае, абголіць галаву і бараду, і бровы свае, вымые адзеньне, абмые цела сваё вадой і будзе чысты.
10  У восьмы дзень возьме ён двух ягнятаў без заганы, адну авечку аднагадовую без заганы і тры дзясятыя [эфы] пшанічнай мукі, зьмяшанай з алеем, як ахвяру хлебную, і адзін лог алею.
11  І сьвятар, які ачышчае, паставіць чалавека ачышчанага з усім гэтым перад абліччам ГОСПАДА каля ўваходу ў Намёт Спатканьня.
12  І сьвятар возьме адно ягня, і складзе яго ў ахвяру аднагараджэньня, і [возьме] лог алею, і прынясе ўсё гэта, патрэсваючы перад абліччам ГОСПАДА.
13  І заб’е ягня гэтае на месцы, на якім забіваюцца ахвяры за грэх і ахвяры цэласпаленьня, на месцы сьвятым, бо ахвяра аднагараджэньня, як і ахвяра за грэх, [належыць] сьвятару; гэта сьвятое сьвятых.
14  І возьме сьвятар кроў ахвяры аднагараджэньня, і памажа ёю верх правага вуха чалавека, які ачышчаецца, а таксама вялікі палец яго правай рукі і вялікі палец яго правай нагі.
15  І возьме сьвятар лог алею, і вылье яго на [сваю] левую далонь.
16  І памочыць сьвятар палец правай рукі сваёй у алеі, які на яго левай далоні, і пакра­піць пальцам, памочаным у алеі, сем разоў перад абліччам ГОСПАДА.
17  Рэштаю алею, што на далоні ягонай, сьвятар памажа верх правага вуха чалавека, які ачышчаецца, а таксама вялікі палец яго правай рукі і вялікі палец яго правай нагі над крывёй ахвяры аднагараджэньня.
18  А рэшту алею, якая на далоні сьвятара, вылье ён на галаву таго, хто ачышчаецца. Гэтак перапросіць за яго сьвятар перад абліччам ГОСПАДА.
19  І складзе сьвятар ахвяру за грэх, і перапросіць за таго, хто ачышчаецца, за нячыс­тасьць ягоную, і пасьля складзе ахвяру цэласпаленьня.
20  І складзе сьвятар ахвяру цэласпаленьня на ахвярніку разам з ахвярай хлебнай. І так сьвятар ачысьціць таго [чалавека], і будзе ён чысты.
21  Калі ж хто бедны і няма ў руцэ ягонай дастатку, няхай возьме адно ягня ў ахвяру аднагараджэньня для патрэс­ваньня, каб быць ачышчаным, а таксама дзясятую частку [эфы] мукі, запраўленай алеем, у ахвяру хлебную, і лог алею,
22  і дзьве туркаўкі або два маладыя галубы, на што будзе здольная рука ягоная; адну птушку ў ахвяру за грэх, а другую — на цэласпаленьне.
23  І прынясе іх на восьмы дзень ачышчэньня свайго да сьвятара да ўваходу ў Намёт Спатканьня перад аблічча ГОСПАДА.
24  І сьвятар возьме ягня ў ахвяру аднагараджэньня і лог алею, і будзе патрэсваць патрэс­ваньнем перад абліччам ГОСПАДА.
25  І заб’е ягня ў ахвяру аднагараджэньня, і возьме сьвятар кроў ахвяры аднагараджэньня, і памажа верх правага вуха чалавека, які ачышчаецца, і вялікі палец яго правай рукі, і вялікі палец яго правай нагі.
26  І налье сьвятар алей на левую далонь сваю,
27  і, памачыўшы ў ім палец правай рукі сваёй, пакрапіць сем разоў перад абліччам ГОСПАДА.
28  І сьвятар памажа алеем, які ў яго на далоні, верх правага вуха таго, хто ачышчаецца, а таксама вялікі палец яго правай рукі і вялікі палец яго правай нагі ў месцы крыві ахвяры аднагараджэньня.
29  А рэшту алею, што застаўся на левай руцэ яго, вылье сьвятар на галаву таго, хто ачышчаецца, каб перапрасіць за яго перад абліччам ГОСПАДА.
30  І ахвяруе адну туркаўку або маладога галуба, якога прынясе рука таго, хто ачышчаецца,
31  і ахвяруе аднаго за грэх, а другога на цэласпаленьне разам з ахвярай хлебнай, і так ачысьціць яго сьвятар перад абліччам ГОСПАДА.
32  Гэта закон адносна пракажонага, якому не стае [маёмасьці] ў руцэ ягонай дзеля ачышчэньня свайго».
33  І прамовіў ГОСПАД да Майсея і Аарона, кажучы:
34  «Калі ўвойдзеце ў зямлю Ханаан, якую Я дам вам на ўласнасьць, і калі спашлю хваробу праказы на нейкі дом у зямлі пасяленьня вашага,
35  няхай той, чый гэта дом, ідзе і паведаміць сьвятару, кажучы: “Хваробу я ўгледзеў у доме [маім]”.
36  І сьвятар загадае, каб прыбралі ўсё з дому, пакуль ён увойдзе ў яго, каб агледзець заразу, каб яна не апаганіла ўсяго, што ў доме. І ўвойдзе сьвятар, каб агледзець дом.
37  І ён агледзіць хваробу тую, і вось, на сьценах хвароба дому, нібы ямінкі, зелянявыя ці чырвоныя, што ўеліся ў сьцяну.
38  І выйдзе сьвятар з дому да дзьвярэй дому, і зачыніць дом на сем дзён.
39  У сёмы дзень вернецца сьвятар і агледзіць [дом]. І вось, пашырылася хвароба на сьцяне дому.
40  І загадае сьвятар, і выр­вуць тыя камяні заражаныя, і выкінуць іх за горад на месца нячыстае.
41  А дом кругом унутры аб­скра­буць, і тынк, які абскрэб­лі, выкінуць на месца нячыстае за горадам.
42  І возьмуць іншыя камяні, і пакладуць на месца папярэдніх камянёў, і возьмуць іншую заправу, і атынкуюць дом.
43  Калі ж зараза зноў закрасавала ў доме, хоць вырвалі камяні, а дом абскрэблі і атынкавалі,
44  прыйдзе сьвятар і агледзіць яго. І вось, зараза ў доме пашырылася, гэта ліхая праказа ў доме гэтым, і ён нячысты.
45  І дом гэты зруйнуюць, а камяні, і дрэва, і ўвесь тынк дому таго выкінуць за горад у месца нячыстае.
46  І калі нехта ўвойдзе ў дом, калі ён зачынены, будзе ён нячысты да вечара.
47  А калі нехта сьпіць у доме гэтым або есьць у доме гэтым, няхай памые адзеньне сваё.
48  А калі сьвятар прыйдзе, і агледзіць яго, і вось, зараза не пашырылася ў доме гэтым пасьля атынкаваньня, сьвятар прызнае гэты дом чыстым, бо зараза была вылекавана.
49  І дзеля ачышчэньня дому сьвятар возьме дзьве птушкі, кавалак дрэва кедровага, ніткі кармазыновыя і гізоп.
50  І заб’е адну птушку над пасудзінай глінянай над вадою жывою.
51  І возьме дрэва кедровае, гізоп, ніткі кармазыновыя і жывую птушку, памочыць іх у крыві забітай птушкі і ў вадзе жывой, і пакрапіць сем разоў дом.
52  І ачысьціць дом той крывёй птушкі, і вадой жывой, і дрэвам кедровым, і ніткамі кармазыновымі, і гізопам.
53  А жывую птушку пусьціць за горадам у полі. І перапросіць за дом гэты, і ён будзе чыстым.
54  Гэта закон адносна ўсякай заразы, праказы і паршывасьці,
55  праказы на адзеньні і ў доме,
56  пухліны, скулаў і белых плямаў,
57  каб навучыць, калі што чыстае, а калі нячыстае. Гэта закон адносна праказы».