Ляв 25
І прамовіў ГОСПАД да Майсея на гары Сынай, кажучы:
«Прамоў да сыноў Ізраіля і скажы ім: “Калі вы ўвойдзеце ў зямлю, якую Я дам вам, зямля таксама павінна супачы­ваць у супачынкі ГОСПАДА.
Шэсьць гадоў будзеш засяваць поле сваё і шэсьць гадоў будзеш абразаць вінаграднік свой і зьбіраць з іх плады,
але ў сёмы год няхай будзе супачынак супачынкаў, для зямлі будзе супачынак ГОСПАДА. Ня будзеш засяваць поля твайго і падразаць вінаграднік твой.
Таго, што само вырасьце на пожні тваёй, ня будзеш жаць, і ня будзеш зьбіраць вінаграду неабрэзанага. Гэта будзе год супачынку для зямлі.
[Што само вырасьце] падчас супачынку зямлі, будзе вам на ежу, табе, слузе твайму, служцы тваёй, парабку твайму і пасяленцу твайму, які жыве ў цябе,
і жывёле тваёй, і зьвярам, якія жывуць на зямлі тваёй, увесь ураджай будзе на ежу.
І палічыш сем гадоў суботніх, сем разоў па сем гадоў, і будзе дзён сямі гадоў суботніх сорак дзевяць гадоў.
У дзясяты дзень сёмага месяца затрубіш у рог, у Дзень Перамольваньня няхай разыйдзецца [гук] рогу па ўсёй зямлі вашай.
10  І будзеце сьвяціць пяці­дзясяты год, і абвесьціце свабоду на зямлі ўсім жыхарам ейным. Гэта будзе для вас юбілей. Кожны з вас вернецца да уласнасьці сваёй, і кожны вернецца ў сям’ю сваю.
11  Гэты пяцідзясяты год будзе для вас годам юбілейным; ня будзеце сеяць, ня будзеце жаць таго, што вырасьце, і ня будзеце зьбіраць неабрэзанага вінаграду,
12  бо гэта будзе для вас юбілей, гэта будзе для вас сьвяты час. Будзеце есьці тое, што вырасьце на полі.
13  У гэты год юбілейны кожны з вас вернецца да ўласнасьці сваёй.
14  Калі што будзеш прадаваць бліжняму свайму або купляць з рукі бліжняга свайго, ня крыўдзіце адзін аднаго.
15  Паводле ліку гадоў пасьля юбілею ты павінен купляць у бліжняга свайго, і паводле ліку гадоў ураджаю ён павінен прадаваць табе.
16  Чым больш гадоў застаецца да юбілею, тым большую цану заплаціш; а чым менш гадоў застаецца, тым меншую цану заплаціш, бо колькасьць ураджаяў ён прадае табе.
17  Ня крыўдзіце адзін аднаго, але бойцеся Бога свайго, бо Я — ГОСПАД, Бог ваш!
18  Выконвайце пастановы Мае і прысуды Мае захоўвайце і выконвайце іх, і будзеце жыць на зямлі гэтай у бясьпецы.
19  І будзе зямля даваць плод свой, і вы будзеце есьці ўдосталь, і будзеце жыць на зямлі ў бясьпецы.
20  А калі скажаце: “Што мы будзем есьці ў сёмым годзе, калі ня будзем ані сеяць, ані зьбі­раць ураджаю нашага?”
21  Я спашлю на вас дабраславенства ў шостым годзе, і хо­піць вам ураджаю на тры гады.
22  У восьмым годзе будзеце сеяць і будзеце есьці са старога ўраджаю аж да дзявятага году, аж да новага ўраджаю будзеце есьці даўнія [плады].
23  Зямлю ня будзеце прада­ваць назаўсёды, бо Мая зямля, а вы — прыхадні і пасяленцы ў Мяне.
24  Таму ўся зямля, якая ў валоданьні вашым, будзе прадавацца вамі пад умовай выкупу.
25  Калі зьбяднее брат твой і прадасьць частку маёмасьці сваёй, няхай прыйдзе адкупіцель, сваяк ягоны, і выку­піць маёмасьць, прададзеную братам ягоным.
26  Калі ж хто ня мае адкупіцеля, але рука ягоная знойдзе належныя сродкі на выкуп,
27  няхай падлічыць ён гады ад часу продажу і зьверне рэш­ту таму, каму прадаў [зямлю], і вернецца да маёмасьці сваёй.
28  Калі не здабудзе рука ягоная належных сродкаў на выкуп, маёмасьць застанецца ў валоданьні таго, хто купіў, аж да юбілейнага году. А ў юбілейны год яна выйдзе ад яго, і вернецца [ранейшы ўладальнік] да маёмасьці сваёй.
29  Калі хто прадасьць дом жылы ў горадзе, [які акружаны] мурам, той будзе [мець права] выкупу аж да канца году продажу; столькі дзён будзе [права] выкупу.
30  Калі дом ня выкупяць на працягу году, дом у горадзе, акружаным мурам, застанецца назаўсёды ўласнасьцю таго, хто купіў, і нашчадкаў яго. Ня выйдзе [з рук іхніх] у юбілейны год.
31  А дамы ў вёсках, якія не акружаныя мурам, бу­дуць лічыцца на роўні з зямлёю; будуць яны падлягаць выкупу, а ў юбілейным годзе выйдуць з валоданьня таго, хто купіў.
32  Што да гарадоў лявітаў і дамоў у гарадах, якія яны маюць на ўласнасьць, дык лявіты заўсёды могуць выкупіць [дамы свае].
33  Калі хто купіць у лявітаў дом у горадзе, маёмасьць гэтая выйдзе з рук ягоных у юбілейным годзе, бо дамы лявітаў — гэта маёмасьць іхняя сярод сыноў Ізраіля.
34  Таксама палёў вакол гарадоў іхніх нельга прадаваць, бо гэта іх маёмасьць вечная.
35  Калі брат твой зьбяднее і аслабее рука ягоная, ты падтрымай яго, каб ён мог жыць з табою як прыхадзень або пасяленец.
36  Не бяры ад яго ані адсоткаў, ані ліхвы. Бойся Бога твайго, каб брат твой мог жыць у цябе.
37  Не давай яму грошы твае на адсоткі і не вымагай ад яго ліхвы за ежу тваю.
38  Я — ГОСПАД, Бог ваш, Які вывеў вас з зямлі Эгіпецкай, каб даць вам зямлю Ханаан і каб быць вашым Богам!
39  Калі брат твой з убогасьці змушаны будзе прадацца табе, не прыціскай яго працаю нявольнічай,
40  але будзеш з ім абыходзіцца як з парабкам і пасяленцам. Будзе ён табе служыць да юбілейнага году,
41  а тады выйдзе ён, і сыны ягоныя з ім і вернецца да сям'і сваёй, і вернецца ў валоданьне бацькоў сваіх.
42  Бо яны — нявольнікі Мае, якіх Я вывеў з зямлі Эгіпецкай; не павінны яны быць прадаваныя як нявольнікі.
43  Ня будзеш уціскаць іх сурова, але будзеш баяцца Бога твайго.
44  Нявольнік твой або нявольніца твая няхай будуць купленыя ў народаў, якія вакол цябе, у іх купляй нявольніка і нявольніцу.
45  Таксама купляйце дзяцей пасяленцаў, якія пасяліліся ў вас, і з сем’яў іхніх, якія жывуць у вас, і якія нарадзіліся ў зямлі вашай. Яны будуць уласнасьцю вашай,
46  і як спадчыну перадавайце іх сынам вашым, і мейце іх назаўсёды як нявольнікаў. Але над братамі сваімі, сынамі Ізраіля, не пануйце сурова.
47  Калі прыхадзень або пасяленец твой разбагацее, а брат твой зьбяднее і прадасьць сябе прыхадню, які пасяліўся ў цябе, або нашчадку сям’і прыхадня,
48  пасьля продажу можа ён быць выкуплены. Няхай адзін з братоў ягоных выкупіць яго.
49  Або дзядзька ягоны, або сын дзядзькі, або нехта са сваякоў з сям'і ягонай няхай выкупіць яго. Або калі знойдзе [сілу] рука ягоная, няхай выкупіць сам сябе.
50  І ён разьлічыцца з тым, хто купіў яго, пачынаючы з таго году, калі ён прадаў сябе, да юбілейнага году, і грошы, за якія ён прадаў сябе, належыць аддаць яму паводле ліку гадоў; як дні найміта, колькі ён павінен быць у яго.
51  Калі да юбілейнага году застаецца шмат гадоў, адпаведна ліку іх няхай верне ён срэбра як выкуп свой.
52  А калі застаецца мала гадоў да юбілейнага году, ён палі­чыць іх і, адпаведна ліку тых гадоў, заплаціць выкуп свой.
53  Ён будзе ў [прыхадня] як найміт, з году на год. Няхай ён не ўціскае яго строга на вачах тваіх.
54  Калі ж такім чынам выкупіцца ня зможа, у юбілейным годзе выйдзе [вольны] ён і сыны ягоныя з ім.
55  Бо сыны Ізраіля — гэта нявольнікі Мае, якіх Я вывеў з зямлі Эгіпецкай. Я — ГОСПАД, Бог ваш!