КНІГА ЛІКІ
Лікі 1
І прамовіў ГОСПАД да Майсея ў пустыні Сынай у Намёце Спатканьня ў першы дзень другога месяца, у другім годзе пасьля выхаду з Эгіпту, кажучы:
«Пералічыце ўсю грамаду сыноў Ізраіля паводле сем'яў іхніх, паводле дамоў бацькоў іхніх, усіх мужчынаў паводле імёнаў па галовах.
Ад дваццаці гадоў і вышэй, усіх здатных да бою ў Ізраілі палічыце паводле дружынаў іхніх ты і Аарон.
З кожнага пакаленьня павінен быць з вамі чалавек, князь роду бацькоў сваіх.
Вось імёны тых мужоў, якія будуць з вамі: для Рубэна — Эліцур, сын Шэдэура,
для Сымона — Шэлюміэль, сын Цурышадая,
для Юды — Нахшон, сын Амінадава,
для Ісахара — Натанаэль, сын Цуара,
для Завулёна — Эліяў, сын Гэлёна,
10  для сыноў Язэпа: для Эфраіма — Элішама, сын Амігуда; для Манасы — Гамаліэль, сын Пэдагсура;
11  для Бэн’яміна — Абідан, сын Гідэоні,
12  для Дана — Ахіезэр, сын Амішадая,
13  для Асэра — Пагіэль, сын Акрана,
14  для Гада — Эліясаф, сын Дэўэля,
15  для Нэфталі — Ахіра, сын Энана».
16  Гэтыя пакліканыя з усёй грамады, князі пакаленьняў бацькоў сваіх і начальнікі тысячаў Ізраіля.
17  Іх узяў Майсей і Аарон, тых мужоў, якія былі паіменна названыя.
18  У першы дзень другога месяца сабралі яны ўсю грамаду дзеля сьпісу іх паходжаньня паводле сем'яў іхніх, паводле дамоў бацькоў іхніх і лічылі кожнага па імені ад дваццаці гадоў і вышэй.
19  Як загадаў ГОСПАД Майсею, быў зроблены перапіс у пустыні Сынай.
20  Сыноў Рубэна, першароднага Ізраіля, паводле радаводу іхняга, паводле сем'яў іхніх, паводле дамоў бацькоў іхніх, па ліку імёнаў, усіх мужчынаў ад дваццаці гадоў і вышэй, усіх, здольных да бою,
21  тых, якіх палічылі з пакаленьня Рубэна, [было] сорак шэсьць тысячаў пяцьсот.
22  Сыноў Сымона паводле радаводу іхняга, паводле сем'яў іхніх, паводле дамоў бацькоў іхніх, па ліку імёнаў, усіх мужчынаў, ад дваццаці гадоў і вышэй, усіх, здольных да бою,
23  тых, якіх палічылі з пака­леньня Сымона, [было] пяць­дзясят дзевяць тысячаў трыста.
24  Сыноў Гада паводле радаводу іхняга, паводле сем'яў іхніх, паводле дамоў бацькоў іхніх, па ліку імёнаў, усіх мужчынаў ад дваццаці гадоў і вышэй, усіх, здольных да бою,
25  тых, якіх палічылі з пакаленьня Гада, [было] сорак пяць тысячаў шэсьцьсот пяцьдзясят.
26  Сыноў Юды паводле радаводу іхняга, паводле сем'яў іхніх, паводле дамоў бацькоў іхніх, па ліку імёнаў, усіх мужчынаў ад дваццаці гадоў і вышэй, усіх, здольных да бою,
27  тых, якіх палічылі з пакаленьня Юды, было семдзясят чатыры тысячы шэсьцьсот.
28  Сыноў Ісахара паводле радаводу іхняга, паводле сем'яў іхніх, паводле дамоў бацькоў іхніх, па ліку імёнаў, ад дваццаці гадоў і вышэй, усіх, здольных да бою,
29  тых, якіх палічылі з пакаленьня Ісахара, было пяцьдзясят чатыры тысячы чатырыста.
30  Сыноў Завулёна паводле радаводу іхняга, паводле сем'яў іхніх, паводле дамоў бацькоў іхніх, па ліку імёнаў, ад дваццаці гадоў і вышэй, усіх, здольных да бою,
31  тых, якіх палічылі з пакаленьня Завулёна, было пяць­дзясят сем тысячаў чатырыста.
32  Сыноў Язэпа, сыноў Эфраіма паводле радаводу іхняга, паводле сем'яў іхніх, паводле дамоў бацькоў іхніх, па ліку імёнаў, ад дваццаці гадоў і вышэй, усіх, здольных да бою,
33  тых, якіх палічылі з пакаленьня Эфраіма, было сорак тысячаў пяцьсот.
34  Сыноў Манасы паводле радаводу іхняга, паводле сем'яў іхніх, паводле дамоў бацькоў іхніх, па ліку імёнаў, ад дваццаці гадоў і вышэй, усіх, здольных да бою,
35  тых, якіх палічылі з пакаленьня Манасы, было трыц­цаць дзьве тысячы дзьвесьце.
36  Сыноў Бэн’яміна паводле радаводу іхняга, паводле сем'яў іхніх, паводле дамоў бацькоў іхніх, па ліку імёнаў, ад дваццаці гадоў і вышэй, усіх, здольных да бою,
37  тых, якіх палічылі з пакаленьня Бэн’яміна, было трыццаць пяць тысячаў чатырыста.
38  Сыноў Дана паводле радаводу іхняга, паводле сем'яў іхніх, паводле дамоў бацькоў іхніх, па ліку імёнаў, ад дваццаці гадоў і вышэй, усіх, здольных да бою,
39  тых, якіх палічылі з пакаленьня Дана, было шэсьцьдзясят дзьве тысячы семсот.
40  Сыноў Асэра паводле радаводу іхняга, паводле сем'яў іхніх, паводле дамоў бацькоў іхніх, па ліку імёнаў, ад дваццаці гадоў і вышэй, усіх, здольных да бою,
41  тых, якіх палічылі з пакаленьня Асэра, было сорак адна тысяча пяцьсот.
42  Сыноў Нэфталі паводле радаводу іхняга, паводле сем'яў іхніх, паводле дамоў бацькоў іхніх, па ліку імёнаў, ад дваццаці гадоў і вышэй, усіх, здольных да бою,
43  тых, якіх палічылі з пакаленьня Нэфталі, было пяцьдзясят тры тысячы чатырыста.
44  Гэта палічаныя, якіх палічылі Майсей і Аарон, і князі Ізраіля, дванаццаць мужоў, па адным з кожнага дому бацькоў сваіх.
45  І было ўсіх палічаных сыноў Ізраіля паводле дамоў бацькоў іхніх, ад дваццаці гадоў і вышэй, усіх, здольных да бою ў Ізраілі,
46  шэсьцьсот тры тысячы пяцьсот пяцьдзясят.
47  Лявіты паводле пакаленьняў бацькоў сваіх не былі палічаны сярод іх,
48  бо ГОСПАД прамовіў да Майсея, кажучы:
49  «Не перапісвай пакаленьня Левія і не лічы іх разам з сынамі Ізраіля,
50  але даручы лявітам Сялібу Сьведчаньня, усе прылады яе і ўсё, што да яе [належыць]. Яны будуць насіць Сялібу і ўсе прылады яе, будуць пры ёй служыць і вакол Сялібы разложаць табар [свой].
51  Калі трэба рушыць Сялібе [ў дарогу], разьбяруць яе лявіты, а калі трэба затрымацца Сялібе, паставяць яе лявіты. Калі нехта [чужы] наблізіцца да яе, будзе забіты.
52  Сыны Ізраіля разложацца табарам, кожны на месцы сваім, кожны пад сьцягам сваім, паводле дружынаў сваіх.
53  А лявіты разложацца табарам вакол Сялібы Сьведчаньня; і кара не спадзе на грамаду сыноў Ізраіля. Лявіты будуць вартаваць каля Сялібы Сьведчаньня».
54  І зрабілі сыны Ізраіля ўсё; як ГОСПАД загадаў Майсею, так і зрабілі.