Лікі 14
І ўстала ўся грамада, і ўзьняла голас свой, і плакаў народ у тую ноч,
і наракалі на Майсея і Аарона ўсе сыны Ізраіля, і ўся грамада казала: «Лепш, каб мы памерлі ў Эгіпце, або ў пустыні гэтай.
Навошта завёў нас ГОСПАД у зямлю гэтую, каб мы загінулі ад мяча, а жонкі нашыя і дзеці нашыя пайшлі ў палон? Ці ня лепш нам вярнуцца ў Эгіпет?»
І казалі адзін аднаму: «Паставім сабе правадыра і вернемся ў Эгіпет».
І ўпалі Майсей і Аарон на абліччы свае перад усёй царквою грамады сыноў Ізраіля.
А Егошуа, сын Нуна, і Халеў, сын Ефунны, якія [былі] сярод выведнікаў зямлі, разь­дзёрлі шаты свае
і сказалі ўсёй грамадзе сыноў Ізраіля, кажучы: «Зямля, якую мы абыйшлі, каб выве­даць яе, вельмі, вельмі добрая.
Калі ласкавы будзе ГОСПАД, Ён увядзе нас у зямлю гэтую і дасьць нам зямлю, якая ацякае малаком і мёдам.
Не бунтуйцеся супраць ГОСПАДА і ня бойцеся народу той зямлі, бо яны як хлеб для нас. Адыйшла абарона іхняя ад іх, а з намі ГОСПАД. Ня бойцеся іх».
10  І казала ўся грамада, каб закідаць іх камянямі, але над Намётам Спатканьня зьявілася слава ГОСПАДА перад усімі сынамі Ізраіля.
11  І сказаў ГОСПАД Майсею: «Дакуль будзе зьнева­жаць Мяне народ гэты? Дакуль ня будзе ён верыць усім знакам, якія Я ўчыніў сярод іх?
12  Я наведаю яго пошасьцю і зьнішчу яго. А з цябе Я зраблю вялікі народ, мацнейшы за яго».
13  І сказаў Майсей ГОСПАДУ: «І пачуюць Эгіпцяне, ад якіх Ты вывеў народ гэты магутнасьцю Тваёй,
14  і скажуць жыхарам зямлі, якія чулі, што Ты, ГОСПА­ДЗЕ, пасярод народу гэтага, якому даеш бачыць Сябе вачамі, і воблака Тваё стаіць над імі, і Ты ідзеш перад імі ўдзень у слупе воблачным, а ўначы — у слупе вогненным.
15  Калі народ гэты выб’еш да апошняга чалавека, скажуць народы, якія пра гэта пачу­юць, кажучы:
16  “ГОСПАД ня змог увесьці народ у зямлю, якую ім запрысяг, дзеля таго Ён зьнішчыў іх у пустыні!”
17  А цяпер няхай праславіцца моц Госпада, як Ты прамовіў, кажучы:
18  “ГОСПАД павольны да гневу і бязьмежнай міласэрнасьці, Які прабачае правіны і беззаконьні і не пакідае без пакараньня, але карае беззаконьні бацькоў на сынах да трэцяга, а нават да чацьвёртага [пакаленьня]”.
19  Даруй, прашу, правіну народу гэтаму дзеля вялікай міласэрнасьці Тваёй, як Ты насіў народ гэты ад Эгіпту аж дасюль».
20  І сказаў ГОСПАД: «Я прабачаю паводле слова твайго.
21  Але, як Я жывы, слава ГОСПАДА напоўніць усю зямлю!
22  Усе людзі, якія бачылі славу Маю і знакі Мае, якія Я рабіў у Эгіпце і ў пустыні, але спакушалі Мяне ўжо дзесяць разоў і ня слухалі голасу Майго,
23  не пабачаць яны зямлі, якую Я абяцаў бацькам іхнім, і ніхто з тых, хто зьневажаў Мяне, ня ўбачыць яе.
24  Але слугу Майго Халева, бо ён напоўнены іншым духам, Я ўвяду ў тую зямлю, у якую ён ужо ўвайшоў, і насеньне ягонае авалодае ёю.
25  Няхай Амалек і Хананейцы жывуць у далінах. Заўтра выйдзеце [ў дарогу] і вернецеся ў пустыню ў накірунку Мора Чырвонага».
26  І прамовіў ГОСПАД да Майсея і Аарона, кажучы:
27  «Дакуль гэтая грамада ліхая будзе наракаць на Мяне? Я пачуў нараканьні сыноў Ізраіля, якімі яны наракаюць супраць Мяне.
28  Скажы ім: “Як жывы Я, кажа ГОСПАД. Як вы гаварылі, гэтак Я зраблю вам!
29  У гэтай пустыні папада­юць трупы вашыя! Усе палічаныя, якія наракалі на Мяне, ад дваццаці гадоў і вышэй, паводле падліку.
30  Ня ўвойдзеце вы ў зямлю, на якой Я, падымаючы руку Маю, запрысяг пасяліць вас, апрача Халева, сына Ефунны, і Егошуа, сына Нуна.
31  А дзяцей вашых, пра якіх вы казалі, што яны будуць здабычай, Я ўвяду, і яны авалодаюць зямлёю, якою вы ўзгардзілі.
32  А трупы вашыя будуць ляжаць у пустыні гэтай.
33  І сыны вашыя будуць блукаць у пустыні сорак гадоў і будуць насіць нявернасьць вашую, пакуль ня счэзнуць трупы вашыя ў пустыні.
34  Па ліку сарака дзён, на працягу якіх аглядалі вы зямлю, дзень [будзе залічаны] за год, сорак гадоў вы будзеце насіць беззаконьне вашае і даведаецеся, што такое, калі Я пакінуў вас.
35  Я, ГОСПАД, прамовіў і гэтак зраблю гэтай грамадзе ліхой, якая бунтуецца супраць Мяне. У гэтай пустыні вы загінеце і памрацё”».
36  І тыя людзі, якіх паслаў Майсей на выведваньне зямлі, і якія, вярнуўшыся, наракалі і схілілі ўсю грамаду да нараканьня, даючы ліхія весткі пра зямлю,
37  тыя, што разносілі ліхія весткі пра зямлю тую, памерлі раптоўна перад абліччам ГОСПАДА.
38  Але Егошуа, сын Нуна, і Халеў, сын Ефунны, засталіся жывымі з усіх тых людзей, якія хадзілі выведваць зямлю.
39  І прамовіў Майсей усе гэтыя словы да ўсіх сыноў Ізраіля, і народ вельмі засмуціўся.
40  І ўсталі яны раніцаю, і ўзыйшлі на вяршыню гары, кажучы: «Вось мы, і мы пойдзем на месца, пра якое казаў ГОСПАД, бо мы саграшылі».
41  І сказаў Майсей: «Навошта вы пераступаеце [слова] з вуснаў ГОСПАДА? Гэта ня будзе мець посьпеху.
42  Не ідзіце, бо няма ГОСПАДА з вамі, каб не пагінулі вы перад абліччам ворагаў вашых!
43  Бо Амалек і Хананейцы перад вамі, ад мяча іхняга вы пагінеце, бо вы адвярнуліся ад ГОСПАДА, і ня будзе з вамі ГОСПАДА».
44  Але яны вырашылі ўзыйсьці на вяршыню гары; а Каўчэг Запавету ГОСПАДА і Майсей ня выйшлі з табару.
45  І зыйшлі Амалекцы і Хананейцы, якія жылі на гары, і разьбілі іх, і гналі іх аж да Хармы.