Лікі 19
І прамовіў ГОСПАД да Майсея і Аарона, кажучы:
«Вось пастанова Закону, якую загадаў ГОСПАД. Прамоў да сыноў Ізраіля, і няхай яны прывядуць да цябе рудую карову без заганы, на якую яшчэ не было ўскладанае ярмо.
І аддасьцё яе Элеазару сьвятару, і ён выведзе яе па-за табар, і заб’іцё яе перад абліччам ягоным.
І Элеазар сьвятар памо­чыць палец свой у крыві ейнай, і пакропіць сем разоў крывёю ейнай пярэдні бок Намёту Спатканьня.
І спаляць карову гэтую перад вачыма ягонымі, і скуру ейную, і кроў ейную, і нячыстасьць ейную спаляць.
І возьме сьвятар дрэва кедровае, гізоп і ніткі кармазыновыя, і кіне ў нутро каровы, якая гарыць у агні.
І памые сьвятар шаты свае, і абмые цела сваё ў вадзе, і ўвойдзе ён у табар, і будзе нячысты сьвятар аж да вечара.
І той, хто спальваў карову, памые шаты свае ў вадзе, і абмые цела сваё ў вадзе, і нячысты будзе ён аж да вечара.
І зьбярэ чалавек чысты попел каровы, і высыпе па-за табарам у месцы чыстым, і ён будзе для грамады сыноў Ізраіля захаваны для [прыгатаваньня] вады ачышчэньня. Гэта [ахвяра] за грэх.
10  Той, хто зьбіраў попел каровы, вымые адзеньне сваё і будзе нячысты аж да вечара. Гэта пастанова вечная як для сыноў Ізраіля, так і для прыхадняў, якія ў іх жывуць.
11  Хто дакранецца нябожчыка, будзе нячысты сем дзён.
12  Павінен ён [вадой з попелу каровы] ачысьціцца ў трэці і сёмы дзень, і будзе чысты. Калі ў трэці дзень і ў сёмы дзень ня будзе ачышчаны, ня будзе чысты.
13  Кожны, хто дакрануўся нябожчыка і не ачысьціўся, ро­біць нячыстай Сялібу ГОСПАДА; будзе вынішчана душа тая з Ізраіля, бо вада ачышчэньня не пакрапіла яго, і ён будзе нячысты, і нячыстасьць ягоная застанецца на ім.
14  Гэта закон адносна чалавека, які памёр у намёце. Кожны, хто ўвойдзе ў гэты намёт, і кожны, хто ў ім знаходзіцца, будзе нячысты сем дзён.
15  І кожная пасудзіна адкрытая, якая ня мае накрыўкі, прымацаванай на шнурку, будзе нячыстай.
16  І кожны, хто на абліччы поля дакранецца або забітага мячом, або памёршага, або костак людзкіх, або магілы, будзе нячысты сем дзён.
17  І возьмуць для нячыстага попел той спаленай [ахвяры] за грэх і нальюць на яго жывой вады ў посуд.
18  І чалавек чысты возьме гізоп, і памочыць яго ў вадзе, і пакропіць намёт, і ўвесь посуд, і людзей, якія былі ў ім, і таго, хто дакрануўся костак, або забітага, або памёршага, або магілы.
19  І пакропіць чалавек чысты таго, хто нячысты, у трэці і сёмы дзень, і ачысьціць яго ў сёмы дзень. Чалавек [нячысты] памые адзеньне сваё і абмые сябе ў вадзе, і вечарам будзе чысты.
20  Але калі той, хто нячысты, ня будзе ачышчаны, бу­дзе зьнішчана душа яго спаміж царквы, бо ён зрабіў нячыстай Сялібу ГОСПАДА; вадою ачышчэньня ён не абмыты, ён нячысты.
21  Гэта будзе для вас пастанова вечная. І той, хто кропіць вадой ачышчэньня, вымые адзеньне сваё; і той, хто дакранецца вады ачышчэньня, нячысты будзе аж да вечара.
22  І ўсё, да чаго дакранецца нячысты, і душа, якая яго дакранецца, будзе нячыстай аж да вечара».