Лікі 32
А ў сыноў Рубэна і сыноў Гада былі шматлікія статкі, вельмі шматлікія. І яны ўбачылі зямлю Язэр і зямлю Гілеад, і вось, гэта на гадоўлю быдла.
І прыйшлі сыны Рубэна і сыны Гада, і сказалі Майсею, і Элеазару сьвятару, і князям грамады, кажучы:
«Атарот, Дыбон, Язэр, Німра, Хешбон, Элеале, Сэвам, Нэво і Вэон,
зямля, якую здабыў ГОСПАД перад абліччам грамады Ізраіля, зямля для гадоўлі быдла, а слугі твае маюць статкі».
І сказалі: «Калі мы знайшлі ласку ў вачах тваіх, дай гэтую зямлю слугам тваім на ўласнасьць, не пераводзь нас праз Ярдан».
І сказаў Майсей сынам Гада і сынам Рубэна: «Браты вашыя пойдуць ваяваць, а вы тут бу­дзеце сядзець?
Навошта вы стрымліваеце сэрца сыноў Ізраіля, каб яны не перайшлі ў зямлю, якую даў ім ГОСПАД?
Так зрабілі бацькі вашыя, калі я паслаў іх з Кадэш-Барнэа выведаць зямлю.
І дайшлі яны да даліны Эшколь, і ўбачылі яны зямлю, і збунтавалі яны сэрцы сыноў Ізраіля, каб не ішлі яны ў зямлю, якую даў ім ГОСПАД.
10  І ўзгарэўся гнеў ГОСПАДА ў той дзень і Ён прысягнуў, кажучы:
11  “Ня ўбачаць гэтыя людзі, якія выйшлі з Эгіпту ў дваццаць гадоў і вышэй, зямлі, якую Я пад прысягай абяцаў Абрагаму, Ісааку і Якубу, бо яны ня слухаліся Мяне,
12  акрамя Халева, сына Ефунны, Кенэзеяніна, і Егошуа, сына Нуна, бо яны слухаліся ГОСПАДА!”
13  І гневаўся ГОСПАД на Ізраіля, і вадзіў яго па пустыні сорак гадоў, пакуль не памерла ўсё пакаленьне, якое рабіла зло перад вачыма ГОСПАДА.
14  І вось, вы сталі замест бацькоў вашых, людзей грэшных, каб павялічыць лютасьць гневу ГОСПАДА на Ізраіля.
15  Калі зноў адвернецеся ад Яго, зноў Ён будзе вадзіць вас па пустыні, і вы загубіце ўвесь народ гэты».
16  І яны падыйшлі бліжэй да яго, і сказалі: «Мы пабудуем загарадкі для авечак і для статкаў нашых і гарады для дзяцей нашых,
17  а самі, узброеныя, пойдзем хутка перад абліччам сыноў Ізраіля, пакуль не ўвядзём іх у месцы, дзе яны будуць жыць. Дзеці нашыя будуць жыць у гарадах мураваных дзеля [небясьпекі] ад жыхароў зямлі гэтай.
18  Ня вернемся мы ў дамы нашыя, пакуль не авалодаюць сыны Ізраіля спадчынай сваёй.
19  Мы ня будзем шукаць спадчыны з імі на тым баку Ярдану або далей, бо ўжо маем спадчыну сваю на ўсходнім беразе Ярдану».
20  І Майсей сказаў ім: «Калі ўчыніце паводле слова гэтага, калі ўзброеныя пойдзеце перад абліччам ГОСПАДА на бітву,
21  і калі кожны з вас, узброены, пяройдзе Ярдан перад абліччам ГОСПАДА, аж пакуль Ён ня выганіць ворагаў Сваіх перад абліччам Сваім,
22  і будзе здабытая зямля перад абліччам ГОСПАДА, а потым вернецеся, тады ня будзеце вінаватыя перад ГОСПАДАМ і перад Ізраілем і возьмеце зямлю гэтую на ўласнасьць перад абліччам ГОСПАДА.
23  А калі ня зробіце так, вы дапусьціцеся грэху перад ГОСПАДАМ, і ведайце, што грэх ваш знойдзе вас.
24  Дык будуйце гарады дзецям вашым і загарадкі для авечак вашых, і тое, што выйшла з вуснаў вашых, зрабіце».
25  І сказалі сыны Гада і сыны Рубэна Майсею, кажучы: «Слугі твае зробяць так, як загадаў гаспадар наш.
26  Дзеці нашыя, жонкі нашыя, статкі нашыя і ўсё быдла нашае застануцца ў гарадах Гілеаду,
27  а слугі твае, усе ўзброеныя, пойдуць перад абліччам ГОСПАДА на вайну, як прамовіў гаспадар наш».
28  І загадаў Майсей Элеазару сьвятару і Егошуа, сыну Нуна, і галовам дамоў бацькоў сыноў Ізраіля,
29  і сказаў ім Майсей: «Калі сыны Гада і сыны Рубэна разам з вамі пяройдуць Ярдан, усе ўзброеныя на бітву перад абліччам ГОСПАДА, і вы завалодаеце зямлёю, дайце ім зямлю Гілеад на ўласнасьць.
30  А калі ня пойдуць разам з вамі, узброеныя, атрымаюць пасяленьні паміж вас у зямлі Ханаан».
31  І адказалі сыны Гада і сыны Рубэна, кажучы: «Як прамовіў ГОСПАД да слугаў тваіх, так і зробім.
32  Мы пойдзем, узброеныя, перад абліччам ГОСПАДА ў зямлю Ханаан, а ўласнасьць нашая, спадчына нашая з гэтага боку Ярдану».
33  І даў Майсей сынам Гада і Рубэна і палове пакаленьня Манасы, сына Язэпа, валадарства Сыгона, валадара Амарэйцаў, і валадарства Ога, валадара Башану, зямлю з гарадамі і гарады зямлі навокал.
34  І адбудавалі сыны Гада Дыбон, Атарот, Араэр,
35  Атрот-Шафан, Язэр і Ёгбэгу,
36  Бэт-Німру і Бэт-Гаран, мураваныя гарады і загарадкі для авечак.
37  А сыны Рубэна адбудавалі Хешбон, Элеале, Кірыятаім,
38  Нэво, Баал-Мэон, зьмяніўшы іх назвы, Сібму, і назвалі імёны гарадоў, якія адбудавалі.
39  І пайшлі сыны Махіра, сына Манасы, у Гілеад, і занялі яго, і выгналі Амарэйцаў, што [жылі] ў ім.
40  І даў Майсей Гілеад Махіру, сыну Манасы, і ён абжыўся ў ім.
41  А Яір, сын Манасы, пайшоў і заняў мястэчкі [Амарэйцаў], якія назваў Хават-Яір.
42  А Нобах пайшоў і заняў Кенат з ваколіцамі ягонымі, і назваў яго імем сваім, Нобах.