Лікі 6
І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы:
«Прамоў да сыноў Ізраіля і скажы ім: “Калі нейкі мужчына або жанчына складуць шлюбаваньне назіру, каб пасьвяціцца ГОСПАДУ,
мусяць яны ўстрымацца ад віна і сікеры, воцату з віна і воцату з сікеры ня будуць піць, і ўсякага піцьця з вінаграду ня будуць піць. Сьвежага вінаграду і сушанага ня будуць есьці.
У-ва ўсе дні пасьвячэньня свайго ня будзе [такі чалавек] есьці нічога з вінаграду, ад недасьпелага вінаграду аж да выцісканага.
Усе дні пасьвячэньня ягонага нажніцы не дакрануцца галавы ягонай. Аж споўняцца дні, на якія ён пасьвяціўся ГОСПАДУ, будзе ён сьвяты і мае даць свабоду валасам расьці на галаве ягонай.
Усе дні пасьвячэньня ягонага ГОСПАДУ не наблізіцца ён да нябожчыка.
Няхай пры пахаваньні бацькі, маці, брата або сястры не занячысьціцца, бо пасьвячэньне Богу ягонаму на галаве ягонай.
У-ва ўсе дні пасьвячэньня свайго сьвятым будзе ён для ГОСПАДА.
А калі хто раптам пры ім памрэ, і ён занячысьціць галаву пасьвячэньня свайго, ён абстрыжэ галаву ў сёмы дзень, у дзень ачышчэньня свайго паголіць яе.
10  А ў восьмы дзень прынясе дзьвюх туркавак або двух маладых галубоў сьвятару да ўваходу ў Намёт Спатканьня.
11  Аднаго складзе сьвятар у ахвяру за грэх, а другога — у ахвяру цэласпаленьня і перапросіць за яго, бо ён саграшыў дзеля нябожчыка, і ў той дзень будзе пасьвячоная галава яго.
12  І зноў пасьвяціць ён ГОСПАДУ дні пасьвячэньня свайго, і прывядзе ў ахвяру ягня аднагадовае як аднагараджэньне, а дні папярэднія ня будуць залічаны, бо ён занячысьціў пасьвячэньне сваё.
13  І вось закон пасьвячэньня. У дзень, калі скончацца дні, якія шлюбаваў, прывядуць яго да ўваходу ў Намёт Спатканьня,
14  і ён прынясе ў ахвяру ГОСПАДУ адно аднагадовае ягня без заганы ў ахвяру цэласпаленьня, і адну аднагадовую авечку без заганы ў ахвяру за грэх, і аднаго барана без заганы ў ахвяру мірную,
15  і кошык праснакоў з мукі пшанічнай, запраўленых алеем, і аладак прэсных, памаза­ных алеем, і [належную] ахвяру хлебную і ахвяру вадкую.
16  Сьвятар занясе ўсё гэта перад аблічча ГОСПАДА і складзе ахвяру за грэх і ахвяру цэласпаленьня.
17  Барана ён складзе ГОСПАДУ ў ахвяру мірную разам з кошыкам праснакоў, і скла­дзе сьвятар ахвяру хлебную і ахвяру вадкую.
18  І абстрыжэ назір каля ўваходу ў Намёт Спатканьня галаву пасьвячэньня свайго, і кіне валасы ў агонь, у якім [гарыць] ахвяра мірная.
19  І возьме сьвятар звараную лапатку барана, праснак з каша і прэсную аладку, і скла­дзе іх на далоні назіра пасьля таго, як пастрыжэ ён [галаву] пасьвячэньня свайго.
20  І сьвятар будзе патрэсваць іх патрэсваньнем перад абліччам ГОСПАДА, бо гэта [дар] сьвяты, які [належыць] сьвятару, апрача грудзіны патрасанай і пляча ахвяраванага. І пасьля гэтага назір можа піць віно.
21  Гэта закон адносна назіра, які шлюбаваў ахвяру сваю ГОСПАДУ за пасьвячэньне сваё апрача таго, што дазволіць яму рука ягоная. Паводле шлюбаваньня свайго, якое [прамовілі]вусны ягоныя, ён зробіць, паводле закону пасьвячэньня свайго».
22  І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы:
23  «Прамоў да Аарона і сыноў ягоных, кажучы: “Гэтак вы будзеце дабраслаўляць сыноў Ізраіля і казаць ім:
24  "Няхай дабраславіць цябе ГОСПАД і захавае цябе!
25  Няхай спагадна гляне ГОСПАД на цябе і зьлітуецца над табою!
26  Няхай зьверне ГОСПАД аблічча Сваё на цябе і дасьць табе супакой!"
27  Няхай так заклікаюць імя Маё на сыноў Ізраіля, і Я буду дабраслаўляць іх”».