Разьдзел 21
Сэрца валадара ў руцэ ГОСПАДА, як ручаі водаў; Ён скіроўвае яго, куды хоча.
Усе шляхі чалавека слушныя ў вачах ягоных, але ГОСПАД узважвае сэрцы.
Праведнасьць і суд даспадобы ГОСПАДУ больш, чым ахвяра.
Узьнесеныя вочы і надзьмутае сэрца — ніва бязбожнікаў, [і гэта] грэх.
Думкі руплівага [прыносяць] прыбытак, а кожны нецярплівы [будзе мець] нястачу.
Зьбіраньне скарбаў языком падманлівым — пара, што зьнікае, і шуканьне сьмерці.
Злачыннасьць бязбожнікаў зьвернецца на іх, бо яны грэбуюць чыніць суд [справядлівы].
Крывы шлях чалавека нягоднага, а справы чыстага — простыя.
Лепей жыць у куце на даху, чым са сварліваю жонкаю ў прасторным доме.
10  Душа бязбожніка жадае зла, ня знойдзе [ласкі] ў вачах ягоных бліжні яго.
11  Калі караюць насьмешніка, неразумны стаецца мудрэйшым, і калі мудрага вучаць, ён здабывае веданьне.
12  Разважае праведнік пра дом бязбожніка, як гінуць бязбожнікі ў ліхоцьці сваім.
13  Хто вушы свае затыкае на крык убогага, той сам будзе клікаць, але ня будзе адказу.
14  Падарунак таемны тушыць гнеў, а гасьцінец у заўлоньне [спыняе] вялікую ярасьць.
15  Правасудзьдзе — радасьць для праведніка і загуба для злачынцаў.
16  Чалавек, які зьбіваецца са шляху розуму, супачыне ў грамадзе памёршых.
17  Хто любіць весяліцца, будзе ў нястачы, а хто любіць віно і алей, ня будзе багатым.
18  Выкупам за праведніка [будзе] бязбожнік, а [выкупам] за правага — ліхадзей.
19  Лепш жыць у зямлі пустыннай, чым з жонкай гняўлівай і сварлівай.
20  Прывабныя скарбы і алей у жытле мудрага, а бязглузды чалавек змарнуе іх.
21  Хто імкнецца да праведнасьці і міласэрнасьці, знойдзе жыцьцё, праведнасьць і славу.
22  Мудры ўвойдзе ў горад магутных і зрыне моц, у якой яны мелі пэўнасьць.
23  Хто захоўвае вусны свае і язык свой, захоўвае душу сваю ад бедаў.
24  Свавольны і дзёрзкі, называны блюзьнерам, робіць усё ў шале нахабства.
25  Жаданьне гультая заб’е яго, бо рукі ягоныя адмаўляюцца працаваць.
26  Кожны дзень ён жадае і прагне, а праведнік дае і не шкадуе.
27  Ахвяра бязбожнікаў — брыдота, тым больш [брыдотныя] тыя, якія складаюць яе з падступнасьцю.
28  Сьведка хлусьлівы згіне, а чалавек, які слухае, будзе гаварыць заўсёды.
29  Чалавек бязбожны ўпарты абліччам сваім, а правы разумее шлях свой.
30  Няма мудрасьці, і няма розуму, і няма рады насуперак ГОСПАДУ.
31  Каня рыхтуюць на дзень бітвы, але перамога — ад ГОСПАДА.