Пс 136
1 Давідава.
Над рэкамі Вавілона, там сядзелі і плакалі мы, калі згадвалі пра Сіён.
2 На вербах пасярод яго павесілі мы свае арфы.
3 А тыя, што нас паланілі, песьняў ад нас патрабавалі, а нашыя прыгнятальнікі - весялосьці: «пасьпявайце нам зь песьняў Сіёна».
4 Як нам сьпяваць Гасподнюю песьню на чужынскай зямлі?
5 Калі забуду цябе, Ерусаліме, хай забудзе мяне правіца мая;
6 хай прыліпне язык мой да паднябеньня, калі помніць цябе я ня буду, калі не пастаўлю Ерусаліма на чале весялосьці маёй.
7 Прыгадай, Госпадзе, сынам Эдомавым дзень Ерусаліма, калі казалі яны: «руйнуйце, руйнуйце да падмурка яго».
8 Дачка Вавілона, спусташальніца! дабрашчасны, хто ўдзеліць табе за тое, што зрабіла ты нам!
9 Дабрашчасны, хто возьме й заб'е немаўлятак тваіх аб камень!