Пс 149
Алілуя.
Сьпявайце Госпаду песьню новую; слава Яму на сходні сьвятых.
Хай радуецца Ізраіль за Творцу свайго; сыны Сіёна хай радуюцца за Цара свайго.
Хай хваляць імя Ягонае скокамі; на тымпане і арфе хай сьпяваюць Яму,
бо дабраволіць Гасподзь народу Свайму, праслаўляе пакорных ратункам.
Хай радуюцца сьвятыя ў славе, хай сьпяваюць на ложках сваіх.
Хай будуць праслаўленьні Богу ў іхніх вуснах, і меч двусечны ў руцэ іхняй,
каб помсьціць народам, караць плямёны,
закоўваць цароў іхніх у кайданы і вяльможаў іхніх - у путы жалезныя,
чыніць над імі суд пісаны. Гонар гэты - усім сьвятым Ягоным. Алілуя.