Пс 66
Кіроўцу хору. На струнных інструмэнтах. Псальма. Песьня.
Божа! будзь літасьцівы да нас і дабраславі нас, асьвятлі нас абліччам Сваім,
каб мы спазналі на зямлі дарогу Тваю, ва ўсіх народах выратаваньне Тваё.
Хай уславяць народы Цябе, Божа; хай уславяць усе народы Цябе.
Хай весяляцца і радуюцца плямёны; бо Ты судзіш народы справядліва і кіруеш на зямлі плямёнамі.
Хай уславяць народы Цябе, Божа, хай уславяць усе народы Цябе.
Зямля дала плод свой: хай дабраславіць нас Бог, Бог наш.
Хай дабраславіць нас Бог, і хай збаяцца Яго ўсе межы зямлі.