Пс 8
Кіраўніку хору: на лад Гітыт. Псальм Давіда.
ГОСПАДЗЕ, Госпадзе наш! Якое слаўнае імя Тваё па ўсёй зямлі! Слава Твая ўзьнесеная па-над нябёсы!
З вуснаў немаўлятаў і тых, што пры грудзях, Ты зрабіў умацаваньне супраць ненавісьнікаў Тваіх, каб спыніць ворага і мсьціўцу.
Калі я гляджу на неба Тваё, твор пальцаў Тваіх, на месяц і на зоркі, якія Ты паставіў,
я думаю: «Што ёсьць чалавек, што Ты памятаеш пра яго, і сын чалавечы, што Ты наведваеш яго?
Не нашмат Ты паменшыў яго перад багамі, і славай і веліччу Ты ўкаранаваў яго,
і даў яму панаваць над творамі рук Тваіх, і ўсё Ты паклаў пад ногі яму:
авечак і валоў усіх, і зьвяроў палявых,
птушак у небе, і рыбаў у моры, і ўсё, што ходзіць сьцежкамі марскімі».
10  ГОСПАДЗЕ, Госпадзе наш! Якое слаўнае імя Тваё па ўсёй зямлі!