Пс 96
Псальма Давіда, калі ўладжвалася зямля ягоная.
Валадарыць Гасподзь: хай радуецца зямля; хай весяляцца шматлікія выспы.
Хмара і змрок навокал Яго; праўда і суд - аснова трона Ягонага.
Прад Ім ідзе вагонь, і наўкол выпальвае ворагаў Ягоных.
Маланкі Ягоныя асьвятляюць сусьвет; зямля бачыць, і трымціць.
Горы, як воск, растаюць ад аблічча Гасподняга, ад аблічча Госпада ўсёй зямлі.
Нябёсы абвяшчаюць праўду Ягоную, і ўсе народы бачаць славу Ягоную.
Хай пасаромяцца ўсе, хто служыць балванам, хто хваліцца ідаламі. Пакланецеся Яму, усе багі.
Чуе Сіён, і радуецца, і весяляцца дочкі Юдавы дзеля судоў Тваіх, Госпадзе,
бо Ты, Госпадзе, высокі над усёю зямлёю, узьнесены над усімі божышчамі.
10 Хто любіць Госпада, ненавідзьце зло! Ён захоўвае душы сьвятых Сваіх; з рукі бязбожных вызваляе іх.
11 Сьвятло зьзяе на праведніка, і на тых, хто справядлівы сэрцам, лье весялосьць.
12 Радуйцеся, праведныя, у Госпадзе, і слаўце памяць сьвятыні Ягонай.